Пра аўтарку: менеджарка ініцыятывы «Зялёны тэлефон» і актывістка Беларускіх Маладых Зялёных. Чаліня праекта EVAA Project. Супрацоўнічае з такімі арганізацыямі, як Federation of Young European Greens і Cooperation and Development Network Eastern Europe.
Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Прыкладная культуралогія» («Менеджмент міжнародных культурных сувязяў») і магістратуру гэтага ж універсітэта па спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства».
Сёмы клас. У мяне быў вельмі складаны пераходны ўзрост, поўны разнастайных эмоцый. Я пачынаю цікавіцца псіхалогіяй, праз што ўсё больш і больш даследую сябе, сваю псіхіку. Памятаю, што я любіла праходзіць розныя знойдзеныя ў інтэрнэце псіхалагічныя тэсты, у тым ліку тэсты на прафарыентацыю.
«Чалавек-чалавек» ці «чалавек-мастацкі-вобраз» – нешта такое атрымлівалася ў тых тэстах. Інтуітыўна я выдатна разумела гэта сама, але планаванню будучыні гэта ніяк не дапамагала: маляваць я не ўмела, танцаваць таксама, музыкай займалася занадта несур’ёзна, бо грала ў аматарскім аркестры, а не вучылася ў музычнай школе. А што яшчэ? Ды нічога, толькі шмат ідэяў у галаве, імкненне да творчасці і любоў да людзей.
Яшчэ я марыла аб падарожжах. Шчыра, хацела – ды што тут казаць, усё яшчэ хачу! – аб’ехаць увесь свет. Любіла вольны час праводіць у тэматычных суполках «УКантакце», разглядаць фотаздымкі з розных кропак планеты ды марыць, куды я паеду ў першую чаргу.
Восьмы клас. Мама актыўна дапамагала мне знайсці месца для будучага навучання, бо стаяла пытанне, ці хачу я сыходзіць са школы пасля дзявятага класа ці буду заставацца далей і паступаць адразу ва ўніверсітэт.
Аднойчы маці абсалютна выпадкова прачытала пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. «О, глядзі! Нейкі «Менеджмент міжнародных культурных сувязяў» – не адрываючыся ад кампутара сказала яна.
Гэта ж зусім пра мяне! І мастацтва, і культура, і нават падарожжы, то бок вывучэнне розных культур. Я загарэлася тым, што хачу паступіць менавіта на гэтую спецыяльнасць. Усе наступныя гады я ні на кропельку не змяніла сваё рашэнне.
Чатыры шчаслівыя гады
Паступіла я зусім без праблемаў, калі не ўлічваць стрэс ад усіх гэтых «цэнтралізаваных тэсціраванняў». Праўда, пасля дзявятага класа я ўсё ж сышла са школы і паступіла ў гімназію ў самым цэнтры Мінска. Нам з маці падалося, што там мне будзе лепей: гімназія знаходзілася ў адным будынку з юрыдычным каледжам і раней пазіцыянавала сябе як юрыдычная, што значыць паглыбленнае вывучэнне грамадазнаўства і гісторыі – прадметаў, так патрэбных мне для паступлення ва ўніверсітэт.
Я добра памятаю сваю эйфарыю тым летам, калі мне паведамілі, што я паступіла. Ды і не проста так, а на запаветны «бюджэт», ды яшчэ і адна з першых у спісах.
Першы год прайшоў адносна спакойна. Канешне, першая сэсія была трывожнай, бо была нечым такім таемным, сакрэтным. Але насамрэч усё было даволі проста, нават цікава. Увогуле, з самых першых хвілін навучання: з першых лекцый і семінараў я адчувала сябе на сваім месцы. Творчасць, свабода, натхненне – вось тыя тры словы, якімі я магу апісаць увесь працэс. Сумую зараз па гэтым пачуцці.
Акрамя вучобы, я займалася многімі іншымі рэчамі. Напрыклад, я была валанцёркай на розных культурных мерапрыемствах, дапамагала з іх арганізацыяй. У школьныя часы я пачала цікавіцца палітыкай. Шукала сваё месца ў розных палітычных рухах.
Вядома, пра беларускую дзяржаўную палітыку я ведала даволі даўно. Што «нешта не так» можна было зразумець, як кажуць, няўзброеным поглядам – аб чым сведчаць тыя ж школьныя паборы, прымус да выпіскі ўсялякіх чырвона-зялёных газет і інфармацыйныя гадзіны для ўсяго класа, на якіх распавядаюць пра веліч аднаго святога («Христос воскресе, Александр Григорьевич!» – «Спасибо!»).
Агулам, я не ведала, што з усім гэтым рабіць, таму ў школьныя гады і на пачатку навучання ва ўніверсітэце аўтарытарная палітыка проста існавала дзесьці побач. Я ж старалася больш вучыцца. Зарабляла грошы напісаннем усялякіх работ для сваіх аднагрупніц, ды збіраць досвед, які спатрэбіцца мне на будучай працы – якую я, дарэчы, бачыла вельмі размыта. Дакладна разумела, што гэта будзе чымсьці, што ў народзе завецца проста – «па спецыяльнасці».
Мая адносная «апалітычнасць» доўжылася нядоўга. Другі семестр універсітэта прыйшоўся на пачатак 2017 года – той самы год, калі дэкрэт саманазванага «святога» «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» набраў моц і пачаў патрабаваць з беспрацоўных людзей грошы. Для мяне сітуацыя была шокам: я ведала, што ў іншых краінах тым, хто не працуе, дзяржава выплочвае грошы – проста каб гэтыя людзі маглі нейкім чынам жыць. У нас жа ўсё наадварот: выкручвайся як хочаш. Эмпатыя і інтэлект не дазволілі мне зразумець, як беспрацоўныя могуць жыць, калі ім трэба плаціць штраф з грошай, якіх у іх няма.
У Беларусі пачаліся масавыя пратэсты. Я вырашыла, што мне трэба туды пайсці.
Першыя дэманстрацыі прайшлі даволі спакойна для мяне. Так, шмат людзей, так, дзесьці побач аўтазакі, але без затрыманняў. Памятаю Мікалая Статкевіча, які чытаў прамовы. Памятаю апладысменты, якія ліліся ў яго бок. На гэтым усё.
Тым не менш, сітуацыя ў краіне – ці, хутчэй, сярод прадстаўнікоў і прадстаўніц дзяржавы – была адчувальна напруджанай. Планаваўся вялікі пратэст 25 сакавіка, на Дзень Волі, а нам – якое супадзенне! – паставілі суботнія пары па нейкім абсалютна надуманым прадмеце, якога ў раскладзе ніколі не было. Яшчэ памятаю, як на занятку па фізкультуры нас паставілі ў лінейку і пачалі распавядаць, што пратэсты – гэта дрэнна, а калі мы туды пойдзем, то нас адлічуць.
Мяне гэта не спыніла. Я напісала заяву на імя дэкана, што еду на вяселле сястры (ніякай сястры і, уж тым болей, вяселля, вядома, не было) і не магу наведаць занятак па толькі што прыдуманай дысцыпліне – прашу адпусціць, свабоду папугаям. На здзіўленне, мне паверылі, ну ці зрабілі выгляд, і з заняткаў адпусцілі.
25 сакавіка 2017 года. У свае 18 гадоў я ўпершыню пабачыла, як гвалтуюць тыя, хто ад гвалту павінны абараняць. У той дзень я пабачыла, як «АМАПаўцы» б’юць абсалютна бездапаможнага дзядулю, які ляжыць на зямлі. Сама я ледзь паспела збегчы. Пасля ўсяго, што я пабачыла, я доўга не магла адысці. Я плакала…
Тады маё жыццё змянілася. Я ўсё яшчэ не ведала, што дакладна магу рабіць, каб усяго гэтага гвалту і прымусу не было, але пачала рабіць тое, што прыходзілася. Неяк выпадкова ўсё станавілася палітычным. Напрыклад, для розных дысцыплін ва ўніверсітэце трэба было пісаць тэксты, і я абавязкова ўключала туды тэму палітыкі. Аднойчы мне трэба было напісаць выступ на тэму маёй нянавісці да памідораў, і я напісала тэкст пра тое, што не люблю таматы з-за Сіньёра Памідора, які ствараў дурныя законы. Калі мае аднагрупніцы і выкладчык гэта пачулі, яны доўга смяяліся. Усім было зразумела, каго я маю на ўвазе.
На другім курсе я працягвала вучыцца, зарабляць грошы, збіраць досвед і пакутаваць з-за дыктатарскага рэжыму. Было прыемна, што ва ўніверсітэце былі такія прадметы, як, напрыклад, беларуская літаратура. Было прыемна, што некаторыя выкладчыкі і выкладчыцы размаўлялі толькі па-беларуску. Я працягвала адчуваць сябе на сваім месцы, калі прыходзіла ва ўніверсітэт, калі рабіла «дамашку» ці ўдзельнічала ў нейкіх творчых актыўнасцях па-за асноўнымі заняткамі. Проста тады я ўжо вельмі добра разумела, што існуе вонкавы свет – гвалтоўны свет дыктатуры.
Восенню 2017 года да ўсёй маёй дзейнасці дадалася яшчэ адна – вырашэнне праблемаў з ментальным здароўем. Здарыўся мой першы дэпрэсіўна-трывожны эпізод, на развіццё якога паўплывала раптоўная смерць сваяка і абсалютная адсутнасць адпачынку. Я працягвала вучыцца выдатна, але прыйшлося зменшыць тэмпы. Тым не менш, у гэты час мне прапанавалі стаць валанцёркай «Зялёнай сеткі», і я пагадзілася. Тады я і зразумела, што на палітычных каардынатах я дзесьці сярод зялёных.
У той жа час я паехала на свой першы Erasmus+ праект. Апынулася, што ўніверсітэт даволі добра падтрымліваў удзел студэнтаў і студэнтак у падобнага роду мерапрыемствах, таму мяне без праблемаў адпускалі з заняткаў. Далей я яшчэ шмат разоў кудысьці ездзіла. Напэўна, менавіта тады пачаўся той самы перыяд майго жыцця, аб якім я марыла з дзяцінства, – перыяд бясконцых падарожжаў. Ён працягваецца і зараз.
Наступныя гады нічым яркім не запомніліся. У 2019 годзе я стала актывісткай Беларускіх Маладых Зялёных і паглыбілася ў экаактывізм яшчэ мацней. Маё ментальнае здароўе пагаршалася, асабліва дрэнна мне станавілася прыкладна кожныя шэсць месяцаў – вясной і восенню. Але вучобе гэта не перашкаджала, проста я ведала, што мне трэба быць асцярожней.
У кавідныя часы я напісала дыпломную работу і атрымала чырвоны дыплом. Разам з чырвоным дыпломам я атрымала свае першыя антыдэпрэсанты – і не, дрэнна мне станавілася дакладна не з-за вучобы, хутчэй, вучоба наадварот прыносіла мне нешта прыемнае. Настолькі, што я вырашыла працягнуць вучыцца.
Ішоў 2020 год.
Культура пад гвалтам
Я вырашыла, што хачу выкладаць. Хачу выкладаць менавіта ў сваім універсітэце, бо неймаверна моцна палюбіла яго. Гэта было маім месцам сілы.
Маёй сілай таксама была беларуская культура.
Паступіць у магістратуру было крыху больш складана: трэба было здаць экзамен, які прымала камісія з трох чалавек. Вучыць нешта на той момант было няпроста: антыдэпрэсанты выклікалі моцныя пабочныя рэакцыі, з-за чаго мне трэба было шмат адпачываць і агулам не перанапруджвацца. Тым не менш, пытанні да іспыту я неяк вывучыла і здала на «8» – быў добры ўрок вучыцца прымаць штосьці акрамя «9» і «10» і не патрабаваць з сябе зашмат.
Дзесьці ў той жа час у Беларусі ўжо адбываліся пратэсты з-за затрымання Ціханоўскага і Бабарыкі. Смешна, бо я памятаю, як даведалася аб тым, што паступіла ў магістратуру – дзесьці на шляху на мірную дэманстрацыю ў Браславе, дзе я на той момант адпачывала.
У паветры было шмат надзеі. Людзі верылі, што вось зараз адбудуцца выбары – і ўсё, не будзе Лукашэнкі. Было бачна, што нас многа. Але мне здавалася, што не ўсе разумелі, што будзе гвалт, які я бачыла яго яшчэ ў 2017 годзе.
Я зарэгістравалася незалежнай назіральніцай на ўчастку ў сваёй мінскай школе, у якой вучылася дзевяць класаў – у той самай школе, дзе я зразумела, кім я хачу быць. У той школе, дзе я ў першы раз адчула, што ў краіне нешта не так, дзе былі школьныя паборы, прымус на выпіску чырвона-зялёных газет і ідэалагічныя інфармацыйныя гадзіны для ўсяго класа. Я верыла, што там, дзе я пачала разумець пра існаванне рэжыма, ён для мяне і скончыцца. Але гэтага не здарылася.
Я назірала фальсіфікацыі, але не змагла з імі нічога зрабіць. У першы дзень датэрміновых выбараў я налічыла 28 чалавек, якія прышлі галасаваць, калі як у пратаколе было напісана 97. На наступны дзень камісія на ўчастку паказала лічбу ў 400 чалавек, чаго ніяк не магло адбыцца. Я пытала, чаму яны падманваюць людзей, але мне не далі адказу.
8 жніўня, за дзень да асноўнага дня выбараў, мяне ледзь не затрымалі проста за тое, што я была назіральніцай. У мяне зноў атрымалася збегчы.
А потым пачаўся гвалт, да якога я была гатова. Я добра разумела, што гэта адбудзецца – нічога іншага я не магла чакаць ад гэтай дзяржавы. Здаецца, да мірных пратэстаў пачало далучацца больш людзей не проста з-за таго, што яны супраць рэжыма Лукашэнкі, а з-за таго, што яны супраць гвалту. Людзі былі ў шоку.
У канцы жніўня, перад пачаткам вучобы, пачалі адбывацца «тэматычныя» пратэсты. На дэманстрацыі пачалі выходзіць цэлымі вузамі, ля майго таксама быў ланцуг салідарнасці. Мяне гэта ўразіла, было прыемна бачыць сваіх выкладчыкаў і выкладчыц. У мяне нават плакат быў – «Культура супраць гвалту».
Праўда, не ўся «культура» так думала. Пачалася вучоба, а з ёй – адлічэнні і звальненні. Нашую цудоўную рэктарку звольнілі, дэканцы прыйшлося таксама сысці з пасады. Замест іх паставілі ці кагосьці з Міністэрства культуры, ці проста з адкрытай пра-лукашэнкаўскай пазіцыяй. Актыўных студэнтаў і студэнтак, у тым ліку мяне, пачалі запрашаць на «размовы». Аднойчы на падобную размову я схадзіла і ў Кастрычніцкі РАУС.
Праз некалькі месяцаў здарылася страшнае. Затрымалі майго блізкага свяка, а потым у аддзяленні яго згвалтавалі дубінкай і збілі настолькі, што два тыдні ён правёў у рэанімацыі. Гэта быў шок і вялікі боль для мяне, я не магла прыняць тое, што здарылася. У той жа час у зняволенні знаходзіліся мае сябры.
Хутка мне пачало станавіцца горш ментальна. Пазней, канешне, я даведалася, што гэта ПТСР, аднак, вучобе мой стан перашкаджаў. Мне было складана факусавацца, не хацелася выходзіць з дому, быў падсвядомы страх за жыццё. Разуменне, што ва ўніверсітэце я больш не магу быць той, кім я з’яўляюся, стала тым самым «адным крокам» ад любові да нянавісці – я адчула, што вучыцца там больш не хачу.
Тым не менш, я давучылася і скончыла магістратуру. Гэта стала для мяне сюрпрызам, бо я шчыра чакала таго самага моманту, калі мяне ўсё ж адлічаць, але гэтага не здарылася. Канешне, ціск у мой бок працягваўся, што, магчыма, было часткай нейкага іх рэжымнага плана – паздзеквацца над ментальна слабымі студэнтамі і студэнткамі так, каб ім больш не хацелася жыць.
Пра мае праблемы са здароўем ведалі добра. Мне прыходзілася прапускаць заняткі, пасля чаго я прыносіла спраўкі ад псіхатэрапеўткі – але іх не прымалі. Маўляў, новыя ўнутраныя правілы ўніверсітэта патрабуюць таго, каб бальнічныя лісты прыносілі на працягу трох дзён пасля выхаду на вучобу. А я гэтага зрабіць не магла, бо ўсе спраўкі ад псіхатэрапеўткі рабіліся праз дыспансер, што займала як мінімум 5 дзён. Праз гэта аднойчы мяне нават пазбавілі стыпендыі на адзін месяц, але гэта было хутчэй смешна, чым страшна. Адбываўся нейкі цырк.
Што было пасля?
Пасля – невядомасць. Я ўсё яшчэ не разумею нічога, што са мной здарылася, і, здаецца, усё яшчэ адыходжу ад ПТСР.
У Беларусі я больш не жыву. Я з’ехала ў Латвію, а праз два месяцы супрацоўнікі КДБ прыйшлі па месцы маёй прапіскі ў Мінску. У мяне атрымалася з’ехаць своечасова. Шчыра, я не ведаю, ці была б жывая зараз, калі б засталася ў Беларусі і трапіла ў турму. Ментальна я б дакладна гэтага не вытрымала.
На абавязковае размеркаванне пасля ўніверсітэта я проста не паехала. Спачатку я думала проста праігнараваць яго, але пасля пэўных пагрозаў прыйшлося ўсё ж заплаціць. Я вельмі ўдзячна, што дзякуючы экаактывізму і падарожжам у мяне ёсць многа знаёмых у розных краінах, якія ўсяго за чатыры дні дапамаглі мне сабраць усю суму, каб я заплаціла за навучанне.
Экаактывізм, дарэчы, ператварыўся ў маю працу. Культура? Яна пакуль існуе толькі ў сувязі з экалогіяй, экамастацтвам. Канешне, я хачу вярнуцца ў гэтую сферу, але пакуль не знайшла нічога падыходзячага для сябе.
Я вельмі моцна хачу ў Беларусь, дадому. Нават пасля ўсяго я не губляю надзеі, што гэта здарыцца. Праўда, цяпер ужо і не спадзяюся, што гэта будзе так хутка, як я думала раней. Але я не здаюся, працягваю змагацца і натхняю іншых рабіць тое ж самае – праз экактывізм, крыху праз культуру, і многа – праз любоў да людзей і да таго месца, дзе нарадзілася.
Я сумую, Беларусь.