(Не) мары беларускага студэнцтва

Каця

Горад N 01.2024

Мяне завуць Каця, у 2020–2021 навучальным годзе я скончыла ўніверсітэт. Я нарадзілася ў Менску і ў Менску вучылася. Нягледзячы на магчымасць з’ехаць на вучобу за межы Беларусі і вельмі добрую базу ведаў, якую мне даў Ліцэй, я вырашыла ісці далей, навучацца разам са школьными сяброўкамі і сябрамі, і выціснуць максімум з беларускай вышэйшай адукацыі.

 

Успаміны пра ўніверсітэт

 

Я скончыла ўніверсытэт ў 2021 годзе. Абсурднасць той сітуацыі, якая склалася ў апошні год, цяжка перадаць словамі. Анлайн-навучанне, забастоўкі ў анлайн-чатах разам з выкладчыкамі, “справа студэнтаў”, абыходныя лісты і адлічэнні – напэўна, гэтыя словазлучэнні лепш за ўсё могуць апісаць падзеі таго перыяда. Спачатку намі панаваў дух свабоды, неабмежаваных магчымасцяў, сапраўднага студэнцтва і самаарганізацыі, але потым усё змянілася на прыгнечанасць і жах. Нават тыя, хто пратэставаў, пачалі рабіць выгляд, што нічога не здарылася.

Я абрала для вучобы гуманітарны факультэт. Абрала менавіта яго, таму што заўсёды цікавілася сацыяльнымі навукамі, а тут яшчэ была магчымасць зрабіць упор на статыстыцы да маркетынгу. Ну а калі казаць шчыра, мая лепшая сяброўка ўжо падала туды дакументы. Я мала што памятаю са студэнцкіх гадоў, але некалькі момантаў усплываюць у памяці першымі, калі я думаю пра ўніверсітэт.

Па-першае, было вельмі нудна. Гэта асабліва адчувалася пасля навучання ў Ліцэі. І калі зараз Ліцэй, як і ўсё ўстановы адукацыі, трапіў пад рэпресіі, тады ён быў адным з найлепшых навучальных інстытутаў. Мне здаецца, што да трэцяга курса я ўвогуле не атрымлівала новыя веды, можа толькі вельмі выбарча і па асобных прадметах. Скажу шчыра, цікавасць да навучання ва ўніверы вельмі хутка знікла. Але з першага курса я знайшла сябе ў актывізме. Але пра гэта пазней.

Па-другое, беларускіх студэнтаў і студэнтак было вельмі складана заматываваць удзельнічаць у чымсьці палітычна-філасофскім, прабеларускім, а песні ці сцэнкі з занадта філасоўскім сэнсам на мерапрыемствах заварочвалі і не прымалі. Сістэма моцна прыгнятала такія ініціятывы. Мае праекты ў студэнцкім актывізме сталі сапраўдным змаганнем з сістэмай. З другога курса я кіравала творчай студэнцкай ініцыятывай. Мы ладзілі Дні роднай мовы і адукацыйныя імпрэзы, і такія івэнты сталі “навінкай” для ўсіх. У той час іншыя лаяльныя стударганізацыі рабілі капуснікі, конкурсы “Містары і міс факультэтаў” – карацей, забаўкі. І ў вынікі нам заставалася толькі марыць пра тую колькасць людзей, якая збіралася на “вясёлых імпрэзах”, таму што кожны наш івэнт даваўся з боям, праз размову з дэканам, узгадненнем кожнага госця. Затое на нашых імпрэзах заўсёды прысутнічала адміністрацыя – назірала. На Дзень роднай мовы, напрыклад, мы запрасілі беларускага музыку з акустычным канцэртам. Нягледзячы на актыўную рэкламу і распаўсюд анонсаў, людзі так і не сабраліся. Прышлося прасіць выкладчыка адмяніць вечаровую пару, а аднакурснікаў – прыйсці на акустычны канцэрт і стварыць натоўп. Трэба адзначыць, што перад тым Днём роднай мовы, нам пагражаў дэкан. Мы не ўзгаднілі з ім запрошанага госця, таму рабілі гэты івэнт “пад асабістую адказнасць”. На наступны год мы не здаліся і зноў зрабілі Дзень роднай мовы. У выніку людзей сабралося больш, людзям станавілася цікавей, а мы станавіліся лепей у прасоўванні і змаганні. 

Ну і па-трэцяе, што я даволі яскрава ўзгадваю са студэнцкіх гадоў яшчэ да 2020 года, гэта цэнзура і палітычная ангажаваннаць адміністрацыі факультэта пры поўнай палітычнай абыякавасці аднакурснікаў. Вось некалькі прыкладаў:

Намесніца дэкана запрашала нас з сяброўкай на гарбату і пры гэтым казала, што мы робім правільныя рэчы і што яна нас ва ўсім падтрымлівае. Але ўжо ў 2020 годзе яна выступала на судзе сведкай з боку абвінавачвання маёй сяброўкі па справе студэнтаў. 

На Днях роднай мовы адміністрацыя падыходзіла да нашых стэндаў з падарункамі і правярала, ці ёсць беларуская сімволіка. Некаторыя налепкі, значкі прасілі прыбраць.

Нас выклікалі безліч разоў на размовы да дэкана – праз спісы гасцей на нашыя адукацыйныя мерапрыемтвы і канцэрты. Патрабавалі кагосьці не запрашаць, пагражалі.

Несці ў нашым ўніверсітэце прабеларускі сэнс было даволі складана, і вельмі неўдзячна. Мы рабілі выступы з філасофскім падтэкстам, і яны ніколі не выходзілі ў фіналы конкурсаў. Але бывалі і прыемныя моманты. На занятках заставалася магчымасць распавядаць пра сацыяльныя праекты, а таксама праводзіць нацыянальныя мерапрыемствы. Трэба адзначыць, што была хоць нейкая умоўная свабода. З 2020 года такая магчымасць знікла і нават ставіла тваю бяспеку пад пагрозу.

 

Планы на будучыню і актыўнасць да 2020 года

 

Калі я паступала ва ўніверсітэт, я планавала ў далейшым працаваць ў маркетынгу, ці PR-менаджменце. Мне было цікава вывучаць эканоміку, псіхалогію, метадалогію. Я хадзіла на стажыроўкі ў камунікацыйныя і піяр-кампаніі, шукала сябе ў бізнесе. Я валанцёрыла паўсюль, дзе было магчыма. Лічыла сваёй мэтай завесці як мага больш карысных кантактаў. Сама не ведаю, навошта, але лічыла гэта вельмі важным. 

Спачатку мой грамадзянскі актывізм быў адным з варыянтаў занятасці ў вольны час. Я валанцёрыла на “Жывых Бібліятэках”, разносіла крэслы, рэгістравала гасцей. Так, выпадкова я сустрэла  шчырых, адкрытых людзей з вельмі моцнымі прынцыпамі і каштоўнасцямі. Даведвалася пра новае, вучылася размаўляць з рознымі людзьмі з рознымі патрэбамі. Праз гэтыя кантакты каштоўнасці недыскрымінацыі, талерантнасці сталі маімі жыццёвымі. Я ўбачыла, што актывізм можа стаць стылем і справай жыцця. Адзін ці два разы на тыдзень я бегла пасля заняткаў на планёркі каманды некамерцыйнай арганізацыі, у якую уладкавалася. Гэтыя сустрэчы сталі для мяне важней за лекцыі. Паралельна я шукала сябе ў камерцыйнай сферы, скончыла курсы майстра па манікюры. Я была звычайнай студэнткай, якая шукала сябе. 

Зараз разумею, што маё жыццё змяніла летняя Беларуская праваабарончая школа, якую скончыла паміж 2 і 3 курсам. Я пазнаёмілася з правамі чалавека, і гэты канцэпт стаў для мяне сэнсаўтваральным. Мне хацелася крычаць пра правы чалавека! Здавалася, што гэтыя веды могуць змяніць усё. Я ўжо не разумела, як можна ісці працаваць ў рэкламу ці маркетынг. Самай галоўнай думкай, якая была ў мяне ў галаве ў 2020 годзе, было пытанне:“Як можна зараз прыдумваць, як прадаваць смятану, калі на вуліцах краіны адбываеццатакое з правамі чалавека?”. Гэтая праваабарончая школа вызначыла мой лёс і накіравала яго ў праваабарончы бок, чым я зараз і займаюся.

 

Пра 2020 год

 

У першай палове 2020 года, калі пачалася першая “трасаніна”, я адразу пайшла валанцёрыць у праваабарончую арганізацыю, дзе дапамагала людзям, чыя правы парушылі. Вучыцца ўсяму давялося хутка. Ужо ў сярэдзіне жніўня здзівілася, што пачала добра арыентавацца ў адміністрацыйным і крымінальным праве. Мой дзядуля, напэўна, быў бы вельмі рады (калі  б я не хавала ў сакрэце, чым займаюся), бо ён заўсёды марыў бачыць мяне юрысткай. Я магла адказваць на званкі з дзевяці раніцы да дзевяці вечара. Слухала гісторыі пра гвалт, пра страты, пра боль…

Немагчыма было паверыць, што менш чым праз месяц я зноў апынуся за студэнцкай партай, што, нягледзячы на ўзровень рэпресій у краіне, адукацыйны год пачнецца як быццам нічога і не здарылася. Канешне, навучанне ў беларускім універсітэце ніколі не нагадвала мне маю мару. Пачынаючы з няўтульных месцаў у аўдыторыі, зробленых пад казачнага Пінокіа(дзве дошкі: адна пад сядзенне, другая пад парту), завершаючы адукацыйнай праграмай. Усё як быццам было створана пад патрэбы  аўтарытарнай сістэмы. 

Толькі ў 2020 годзе я змагла адчуць сапраўдны дух студэнцтва. Калі прааналізавацьакцыі і дзеянні студэнтаў у 2020 годзе, то можна выдзяліць наступныя:

1. Страйкі. Канешне, яны выглядалі крыху спецыфічна, таму што беларускаму студэнту не было адкуль узяць такі досвед. Таксама наклаўся фактар анлайн навучання. Гэты навучальны год з большага праходзіў у анлайн, быццам з-за COVID. Не магу казаць, што я ў гэта веру. У Беларусі у той момант COVID існаваў толькі тады, калі гэта было зручна дыктатуры. Мы адразу здагадаліся, што анлайн робіцца для таго, каб мы не збіраліся пратэставаць. Нашыя забастоўкі выглядалі як агучаная адмова ад удзелу ў занятках. На пачатку пары мы пісалі ў чат з выкладчыкам, што не згодны з тым, што адбываецца ў краіне, не бачым зараз рэалістычным працягваць навучанне як раней, і адмаўляемся ад удзелу ў адукацыйным працэсе. 

Зараз я разумею, што гэта хутчэй рабілася для нашага сумлення, чым для набліжэння сістэмных зменаў. Сістэмныя змены маглі б наступіць, калі б уся група, а лепей факультэт і ўніверсітэт цалкам адмаўляліся ад заняткаў. На самой справе, ужо спачатку ад заняткаў адмаўлялася толькі 5-7 чалавек, а потым усё меней, і меней. Падаецца, праз 2-3 месяца мы прыпынілі такую дзейнасць, таму што гэта не ўплывала ні на іншых людзей, ні на выкладчыкаў, ні на заняткі. Калі вам цікава, як рэагавалі выкладчыкі, то мой хуткі адказ – ніяк.  

2. Маршы. Гэта мой самы добры ўспамін з пратэстнага студэнцтва, таму што першы ўсеагульны студэнцкі марш быў сапраўды моцны. Мне прыемна як ніколі было ісці поруч з іншымі людзьмі. Я адчувала адзінства і нашу моц. Звычайна я не адчувала свой студэнцкістатус, мне было складана асацыяваць сябе з універсітэтам (магчыма, праз розніцу поглядаў, праз непапулярнасць сярод студэнтаў нашых івэнтаў). На першым агульным студэнцкім маршы я як ніколі яскрава адчула, што належу да гэтай групы людзей. Я смяялася і крычала разнастайныя студэнцкія лозунгі і глядзела на іншых людзей як на старых знаёмых. Вельмі шкада і балюча, што гэты марш, як і шмат якія іншыя, скончыўся гвалтам з боку міліцыі, затрыманнямі, штрафамі і арыштамі. Больш такая падзея не паўтарылася па прычыне рэпресій. Праз нейкі час студэнтаў пачалі запужваць, выносіць папярэджанні, адлічваць.

Быць студэнтам з’яўляецца даволі прэстыжным сярод беларусаў, у тым ліку ўбеларускай моладзі. У нас яшчэ не прынята адразу кідаць універ, калі табе не падабаеццаабраная спецыяльнасць. На вышэйшай адукацыі настойваюць бацькі, якім складана супярэчыць. 

Можна казаць, што беларускі студэнт быў непалітызаваны. Хутчэй за ўсё, гэтыя і іншыя фактары паўплывалі, сярод іншага, на прыпыненне вялікіх акцый і буйных пратэстаў. Але той шлях барацьбы, які заўсёды быў, ёсць і будзе ў беларусаў, гэта партызанская дзейнасць.

3. Партызанская барацьба. Я не магу казаць шмат пра партызанскія дзеянні, таму што не брала ў іх удзел, але на мой погляд гэта – цікавы момант барацьбы нашых студэнтаў. Студэнція ініцыятывы і арганізацыі актыўна прыдумлялі ўсё новыя і новыя спосабы прыцягнуць увагу да рэпресій, да фальсіфікацыі выбараў, да становішча беларускага студэнцтва. Я думаю, што без іх актыўнага ўдзела сітуацыя з адлічанымі і рэпресаванымістудэнтамі была б нашмат горшай.

4. Мітынгі і акцыі. Я прымала ўдзел у некалькіх вялікіх акцыях каля прыступкаў да галоўнага ўваходу ва ўніверсітэт. Менавіта ў дзень акцый раптоўна распачынаўся рамонт каля рэктарата, і нікога з адміністрацыі мы не маглі дачакацца. Але мы спявалі песні, абдымаліся, трымалі плакаты з палітычнымі заклікамі. Мы чакалі справядлівасці, мы яе жадалі.

Даволі шмат мітынгаў было на прыступках будынку майго факультэту. Там было пяцьчалавек, але час ад часу збіраліся дзясяткі. На такіх акцыях нам пагражала адміністрацыя, а нават калі не пагражала – стаяла збоку і пільна назірала. На нас выклікалі міліцыю, што змушала хутка разыходзіцца. Да нас падыходзілі дзяжурныя ахоўнікі і лаяліся. Нас здымалі на камеру “ціхары”. Але я была рада, што першыя месяцы нас гэта не спыняла. Мы стаялі, мы выказваліся, мы патрабавалі перамен. 

За ўдзел у адным з такіх мітынгаў я атрымала позву ў пракуратуру, якую мне перадала метадыстка дэканата. Гэты факт таксама варты таго, каб яго запомніць, бо супрацоўнікі ўніверсітэта сталі выконваць функцыю паштальёнаў, памочнікаў пракурораў, міліцыі, ваенкамаў і гэтак далей. Я не ведала дакладна, за што мяне выклікаюць у пракуратуру, таму што ў позве нічога не пазначалася. Я вельмі хвалявалася, думала, што там мяне забяруць на 5 год у калонію. Апынулася, што гэта было звычайнае папярэджанне пра тое, што ўдзел у недазволеных масавых сходах - незаконны і пагражае адміністрацыйнай справай. Праз тое, што я ўжо займалася праваабарончай справай і добра разбіралася ў міжнародных стандартах рэгулявання мірных сходаў, я з задавальненем абскардзіла даннае папярэджанне. 

5. Выхад з абавязковых (чытаць - прымусовых) студэнцкіх аб’яднанняў. 

Сапраўды ў 2020 годзе была хваля выхаду з прафсаюза і беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). Калі прафсаюз я яшчэ магла зразумець, то БРСМ заўсёды быў гонга, і напружваў ва ўніверсітэце незалежныя моладзевыя аб’яднанні і саветы. Калі мы з сяброўкай прыйшлі з заявамі на выхад з гэтых арганізацый, памятаю, як на нас накрычалі. Нам у твар выказалі абвінавачванні ў тым, што нам прамылі мазгі, што мы робім нешта па ўказцынезразумелых людзей. Нас спрабавалі ўпэўніць, што гэтыя арганізацыі заўсёды за студэнтаў і нясуць толькі дабро. Карацей, ніякай свабодай дзеянняў і не пахла.

Я памятую гэты час як перыяд салідарнасці, нават з боку тых, ад каго нічога не чакаў. Тады стала зразумела, хто ёсць хто – праз дзеянне ці бяздеянне. Кожны абраў свой бок.

Далей ёсць два перыяды, якія павярнулі мяне ад студэнцкага руху да праваабарончага. Па-першае, гэта 12 лістапада – “чорны чацвер”. Пачатак “справы студэнтаў” – у той дзень затрымалі 12 чалавек, асуджаных на тэрміны ад 2 да 2,5 гадоў  у ліпені 2021 года. Сярод гэтых людзей была і мая найлепшая сяброўка. Далей я памятаю бясконцыя суды, перадачкі, сустрэчы ў судах з выкладчыкамі (нажаль, часцей з боку абвінавачвання). Ужо тады, пасля лістапада, было складана заахвоціць аднакурснікаў нават проста прыйсці на судовае адкрытае паседжанне, каб паказаць салідарнасць і падтрымку. Гэта быў момант фінальнага расчаравання і прыняцця рэчаіснасці. Другім вызначальным момантам, які перавярнуў мой светапогляд, сталі ператрусы 16 снежня ў праваабаронцаў. 

Апошнія месяцы адукацыі на чацвёртым курсе я памятаю вельмі дрэнна, нават час ад часу забываюся, ці былі яны ўвогуле. Я не магу ўзгадаць, якія былі прадметы, хадзілі мы на пары ці навучаліся анлайн. Нават экзаменацыйная сесія прабегла недзе міма. Да апошняга моманта я не хацела пісаць дыплом. Думала, навошта гэта мне? Хацела нават кінуць навучанне. І ўсё ж такі для мяне было складана – сысці ў нікуды. Я закрыла ўсе “хвасты” іабаранілася. Вырашыла, што няхай дыплом будзе. Я ўжо цалкам да таго моманту сышла ў актывізм і праваабарону. На працягу амаль ўсяго 4 курса мая сяброўка сядзела спачатку ў СІЗА, а потым каля двух гадоў у жаночай калоніі. Час ад часу яе імя гучала ад настаўнікаў, калі яны правяралі прысутнасць на парах, на што я грубым тонам адказвала, што яна сядзіць у турме. Мяне злавала гэта адхіленасць ад рэальнасці. Я не разумела і напэўна ніколі не змагу зразумець, як працуе сумленнасць і свядомасць абыякавых людзей. Смутна памятаю, што другая палова навучальнага 2020-2021 года была не такой яскравай. Справа студэнтаў, адлічэнні, арышты і штрафы пужалі людзей (і я іх добра разумею), таму ў актыўныхпублічных дзеяннях быў заняпад, пачалася эміграцыя. У маёй душы пасялілася адзінота і адчуванне бесэнсоўнасці адукацыйнага працэса.

Апошнія крокі ў барацьбе з сістэмай я зрабіла ў канцы навучальнага года перад атрыманнем дыплома. Тады я адмовілася запаўняць абыходны ліст, нават вельмі доўга за ім не прыходзіла. Абыходны ліст – гэта такая паперка, у якой ты павінен атрымаць подпісы збібліятэкі, прафсаюза і БРСМ аб тым, што не маеш запазычанасці. Па беларускім законадаўстве запаўненне абыходнага ліста не павінна быць перашкодай для атрыманнядыплома. А на практыцы мяне нават не запрасілі на выпускны і сказалі, што там мае прозвішча не будуць агучваць. Я з вялікім сумам глядзела на фоткі з выпускнога, не таму, што хацела там прысутнічаць. Мне хацелася, каб спыніліся рэпресіі. Зараз я разумею, што нават падчас вайны ідуць балы, і можа яны павінны быць, але тады мне было прыкра. 

Адмова ад запаўнення абыходнага ліста была маёй апошняй магчымасцю студэнцкага пратэсту і выказвання нязгоды ў сцянах універсітэта. У чэрвені і ліпені 2021 года я з дапамогай юрыста намагалася забраць свой дыплом без абыходнага ліста, друкавала вытрымкі з заканадаўства, хадзіла да метадыстаў і дэкана. Апошняй кропляў сталі слова дэкана, каб я “не прыкрывалася законам”. Я была вельмі ўражана, таму што не была гатовая да такіх словаў, што закон будуць лічыць “прыкрыццём”, а не сводам норм і правілаў, якіятрэба выконваць. 

Скажу шчыра – на той момант, я здалася. Маю сяброўку судзяць, дэкан просіць не прыкрывацца законам, усё аднакурснікі ўжо атрымалі дыпломы і забыліся пра ўнівер. Я здалася, і засынала 13 ліпеня з думкай, што на наступны дзень запоўню абыходны ліст. Але раніцай 14 ліпеня да мяне прыйшлы з ператрусам.

Беларускі ўніверсітэт зусім не нагадвае мару студэнта. Няма магчымасці абіраць прадметы, адміністрацыя цэнзурыруе любыя дзеянні, студэнцкія аб’яднанні з’яўляюцца прымусовымі. Калі ты беларускі студэнт, ты можаш быць адлічанным за меркаванне, арыштаваным за палітычны ўдзел. Падзеі 2020 года для беларускага ўніверсітэта былі вельмі пазітыўным шокам. Я думаю, што мы змаглі шмат каго напужаць, паказаць сваю моц. Беларуская гісторыя ведае не вельмі шмат палітычных, акдрытых салідарных дзеянняў на ўзроўні ўніверсітэтаў, таму такі досвед дакладна стаў каштоўным для ўсіх, хто далучыўся. Каштоўным, хаця ў шмат якіх выпадках і вельмі сумным. На дадзенны момант я жыву ў Еўропе і камунікаю з людзьмі, якія тут жывуць. Гэтыя людзі добра ведаюць, што такое правычалавека на практыцы і магчымасць дэмакратычных зменаў. Таму тыя веды і той досвед, які мы атрымалі ў 2020, дакладна стымулююць цаніць самыя базавыя правы і свабоды. Гэтыя веды не даюцца проста так. 

На дадзены момант я мару працягваць адукацыю. Калі ў мяне атрымаецца забраць свой дыплом, то пайду ў магістратуру. Я хачу зрабіць гэта, каб акрамя непасрэдных ведаў паглядзець на тое, якім можа быць свабодны універ. Час ад часу мне вельмі сумна, што ў мяне не было студэнцтва, як яго паказваюць у амерыкансіх фільмах (не тых, што пра пратэсты). Мне хацелася б паспрабаваць адчуць, як выглядае бесклапотная маладосць, калі ты не павінен увесь час змагацца з бяздушнай рэпресіўнай сістэмай. Я вельмі спадзяюся, што гэта яшчэ здарыцца, таму што я выразна бачу будучыню Беларусі як вольнай, дэмакратычнай, прававой і нашай краіны. Нам патрэбна быць гатовымі да такой краіны – ведаць асновы правоў чалавека, умець імі карыстацца і іх патрабаваць, разумець і адчувацьсвабоду. Трэба стварыць яе ўнутры сябе, таму што потым, калі рэжым зменіцца, гэтыя веды і пачуцці не прыйдуць самі сабой. Каб прынесці новыя практыкі ў краіну, іх трэба назапашваць, іх трэба вывучаць, выбіраць для сябе лепшыя. Я апынулася ў эміграцыі і бачу менавіта такім сэнс свайго знаходжання не Дома. 

Увесь час, які я прымала ўдзел у студэнцкіх салідарных дзеяннях, мяне падтрымлівала надзея на змены і разуменне, што па іншаму нельга. Гвалт, ціск, несправядлівасць нельга цярпець, нельга не заўважаць, нельга маўчаць – інакш гэта ніколі не спыніцца. Толькі праз гучнае выказванне сваёй незадаволеннаяці ці нязгоды магчыма нешта зрабіць. У нас не атрымалася змяніць сістэму ў 2020 годзе, але я ведаю, што гэта вельмі моцна змяніла нас саміх, зрабіла нас больш моцнымі і ўпэўненымі ў тым, хто мы і чаго мы жадаем. І гэтыя змены стануць падмуркам для стварэння будучай Беларусі.