ЯК ВЫГЛЯДАЦЬ ШЧАСЛІВАЙ

Кася

Warsaw 07.2023

«Сённяшні дзень стане пачаткам

Новых жаданняў, лепшых ідэй»

Гісторыя майго жыцця, Навібэнд

 

Жыццё да пратэсту

 

Я нарадзілася ў Мінску і правяла амаль ўсё жыццё ў гэтым горадзе. Адзінаццаць класаў той самай школы, ніякіх пераводаў, ніякіх пераездаў. З большага мая сям'я ездзіла толькі да нашай вёскі на Берасцейшчыне, месца, дзе я навучылася лавіць рыбу, гуляць у футбол з суседскімі хлопцамі і самастойна апрацоўваць раны пасля такіх гульняў. Але гэта было не ўсё. Узгадваючы той час, я разумею, што малой дзяўчынай я ўжо любіла свой край. Чаму? Бо ў беларускай вёсцы самы лепшы водар паветру, калі ты, мокрае і бруднае дзяўчо з растрапанымі валасамі, вяртаешся дадому ўвечары пасля спякотнага дню. Паветра, што нясе журчанне ракі, якая знаходзіцца за маім домам, водар палявых кветак, прыгажосці якіх я яшчэ не разумею. І нават брэх майго гарадскога сабакі, які ўпершыню ў жыцці бачыць ёжыка. А пасля ідзе вячэра – маці прыгатавала, вядома, бульбу, ды дадала да яе кроп з нашага гароду, а яшчэ салат з гуркоў, маладой цыбулькі-парэю і смятаны “Брэст-Літоўск”. Пасля вячэры тата прыходзіць да майго ложку і распавядае найцікавейшыя гісторыі пра малога ваўчаня, які жыве у нашым лесе, пра іншых лясных жыхароў і пра іх прыгоды. Гэта было прыгожа.

Але я ўсе ж такі лічу, што я – гарадскі чалавек. Універсітэт – новая змена ў жыцці, новыя людзі і новыя інтарэсы. На першым курсе мяне цікавіла ўсё, акрамя самой вучобы – і дзіўнага ў гэтым нічога не было, бо я ўвогуле не ведала, навошта мне яна і што я хачу рабіць далей. Я прайшла ў студэнцкі тэатр і ўвесь час праводзіла ў ім. Перспектыў – ніякіх! Затое мы ставілі спектакль пра Беларусь. Мне падабалася. Тры гады ў тэатры, шмат цікавых падзей, але ўрэшце рэшт кожны пачынае займацца сваімі ўласнымі справамі і прыходзіць на рэпетыцыі ўсё радзей і радзей. Вучоба на той момант ужо стала мяне больш цікавіць, я пачала хадзіць амаль на ўсе пары, але галоўнае – з'явіліся заняткі другой мовы. Французская! Ну і як тут не закахаешся? Крок па кроку, гляжу, і вось я ўжо пачала планаваць свой пераезд ва Францыю. Гэта іншая краіна, там дакладна не будзе сумна, як мне падавалася.

 

Беларускі пратэст

 

Для мяне ён пачаўся з затрымання Віктара Бабарыкі. У гэты дзень мы з сяброўкай апынуліся ў цэнтры Мінску. Неверагодна: усё гудзе, машыны сігналяць, а людзі паказваюць адзін аднаму «peace». Ну і я паказала – шчыра ў лабавое шкло амапаўскага мінібуса. А хто тады ведаў, як яны выглядаюць? Гэта здарылася на маленькім пераходзе каля крамы “Цэнтральны”. Машына рэзка пачала ехаць на чырвоны прама на нас, мы адскочылі. Яна павярнула, і з ёй выскачыла чорная хмара, якая за тры секунды за рукі і ногі зацягнула хлопца, які першы трапіў ёй пад рукі. Мы пачалі бегчы, не ведаючы куды і дзе можна схавацца. Гэта было вельмі страшна, але мне тады хацелася толькі аднаго – крычаць на ўвесь свет пра такую несправядлівасць.

Ноччу з 9 на 10 жніўня ніхто не ведаў, што адбываецца, але ногі самі цягнулі да Стэлы. З цёмных завулкаў выплывалі рачушкі людзей, зліваліся ў адну і ішлі наперад. Ішлі, нават калі ўсё грукатала, нават калі былі чутны крыкі і выбухі. Ішлі да таго моманту, пакуль штосьці не пачынала ляцець у сам натоўп. Альбо пакуль на цябе не пачынала бегчы ні адсюль, ні адтуль узяўшаяся страшэнная чорная сцяна. І тады ўжо бяжыш у тым самым кірунку разам са сцяною, толькі твая задача бегчы хутчэй за яе. Наступныя некалькі начэй нічым не адрозніваліся, станавілася нават горш.

Прасвет я ўбачыла раніцай 12 жніўня. Трэба было хутка знайсці белую вопратку, кветкі, і ляцець на Камароўку, пакуль усё не скончылася. Але канец і не планаваў надыходзіць, мы стаялі некалькі гадзін, гэта было вельмі прыемна. У гэты дзень я была акружана тым, што называецца сапраўднай прыгажосцю. Гэтую з’яву я бачыла толькі пад час жаночых пратэстаў, дзе яна яшчэ існуе, мне невядома. Белыя німфы, якія сышлі з палотнаў. Ці ведалі дрэўнія грэкі, пра каго яны пісалі? Пасля гэтага дня я старалася хадзіць на ўсе жаночыя акцыі: маршы з кветкамі, ланцугі салідарнасці, хараводы каля Чырвонага Касцёла. Здавалася, што мы валодаем горадам, і самае прыемнае было ў тым, што можна было глядзець у вочы амапаўцам і больш не баяцца. Нейкі час. А пасля зноў пачаліся арышты, спачатку хлопцаў. Мы іх сапраўды стараліся абараняць, закрываць сабой, рабіць кола вакол іх. Часам гэта дапамагала. Але потым пачалі затрымліваць і дзяўчын. Калі нам удавалася сабрацца разам, аб’яднацца, было не так страшна. Страшна было разыходзіцца, бо ніколі не ведаеш, што здарыцца пасля. Я хадзіла са сваёй сяброўкай, мы былі заўсёды разам. І нас ніколі не арыштоўвалі. Не ведаю у чым быў наш сакрэт: разважлівасці, банальным шанцаванні або доўгіх нагах, але аддаю перавагу апошняму. Адзін раз мы вярталіся па праспекце, абедзьве ахутаныя сцягамі. Да нас падскочыў амапавец (і адкуль яны толькі бяруцца?), сказаў схаваць сцягі, бо праз 50 метраў нас возьмуць. Мы схавалі, і мне было за гэта сорамна.

Мы з гэтай дзяўчынай хадзілі нават на самыя жорсткія маршы. Дзе толькі не хаваліся: і ў Домінас, і ў доме Ветэранаў, і на нейкай будоўлі на Нямізе. Хадзілі, уцякалі, а нас усё не затрымлівалі ды не затрымлівалі. У мяне ў нейкі момант развіўся комплекс нэпаўнавартага беларуса. Падавалася, што калі я не сядзела ў турме, то нібы і не пратэставала, ды і ўвогуле мала чаго зрабіла для перамогі.

Але ж аднойчы мой удзел у пратэстах не застаўся незаўважным. Пад канец аднаго з маршаў пачалася навальніца, ад якой людзі пачалі хавацца і ўцякаць. Але многія заставаліся стаяць насупраць збудаванай сцяны з узброенных машын і амапаўцаў. На гэтым маршы я дамовілася сустрэцца з адной сваёй сяброўкай, бо ў гэты дзень мы запланавалі зрабіць разам фотаздымак. У нас з ёй на той момант усталявалася штосьці накшталт традыцыі – рабіць здымкі з пацалункам пад час вылучальных для нас падзей. Пад праліўным дажджом мы доўга шукалі адна адну ў натоўпе. Калі сустрэліся, то адразу ж пачалі рабіць фота на фоне ўзброенай сцяны амапаўцаў і пад пашытым мной бел-чырвона-белым сцягам, з якога лілася вада ва ўсе бакі. Фатаграфавала нас мая сяброўка па маршах. Адной рукой трымаючы парасон, змагаючыся з ветрам і сотняй кропель вады на запацелых шклечках акуляраў, яна націскала кудысьці ў зону, дзе павінна знаходзіцца кнопка камеры. Ведаеце, атрымаліся вельмі добрыя здымкі, але Інтэрнэт убачыў не іх. Як толькі мы пачалі рабіць здымкі, да нас прыбегла дзяўчынка ў камізэльцы з фотаапаратам у руках. Журналістаў побач стаяла шмат, але толькі гэтая дзяўчына зацікавілася намі. Цягам лічаных секунд яна зрабіла некалькі здымкаў, два з якіх трапіла ў навіны, і толькі адзін з іх прыцягнуў увагу света і пачаў распаўсюджвацца далей. Пад пастамі з гэтым фота было шмат каментароў, але людзі падзяліліся на два лагеры. Першыя былі тыя, каму не спадабалася, і яны пісалі: “Такой свабоды нам не патрэбна”. Другія былі тыя, якія ім адказвалі: “Калі вы абмяжоўваеце свабоду іншых, то патлумачце, калі ласка, чым вы адрозніваецеся ад сучасный улады?” Цікава, што я не адчувала, што дзясяткі людзей асуджаюць альбо падтрымліваюць менавіта мяне. Я проста была зацікаўленым гледачом падзей, якія адбываюцца ў каментарах, не асэнсоўваючы, што пішуць пра мяне, але трошкі прыемна ўсё ж было.

Потым хтосьці намаляваў гэтае фота, дзесьці была выстава з ім, і ўрэшце мной зацікавіліся, даслалі павестку, праўда памыліліся з датай нараджэння на 10 год, але я ўсё ж такі прыйшла да іх ў РУУС. Мяне пасадзілі за стол і спыталі, ці ведаю я, чаму мяне сюды запрасілі. Я адказала, што не ведаю, і сапраўды не ведала. Тады перада мной расклалі велізарныя надрукаваныя на паперы мае фотаздымкі з пацалункам. Я нават рассмяялася, і мне нічога за гэта не было. Са мной размаўляў малады хлопец, які яшчэ і жартаваў і ўвогуле мяне сур’ёзна не ўспрымаў. У гэтым жа самым пакоі знаходзіўся іншы пратэстант, якога адпраўлялі паўторна на содні, перад ім таксамі былі раскладзеныя здымкі, на якіх ён быў на нейкім маршы. У яго была зламаная скула, і за пытанне, ці будзе хтосьці за гэта адказваць, яму прапанавалі зламаць другую. І было гэта сказана жорсткай форме, а ў той жа час са мной размаўлялі дастаткова мілагодна. Аднак гэта скончылася імгненна, калі я пачала чытаць паперу, якую мне падсунулі для подпісу. “Хочаш чытаць? У цябе можа быть 15 сутак на гэта”. На той паперцы ўжо былі мае паказанні. Цікава было б калісьці ўсё ж такі дазнацца, што я там сказала. Гэта ўсё ў іх называецца тлумачальнай гутаркай. З гэтага паходу я вынесла толькі тое, што ў супрацоўнікаў Цэнтральнай РУУС вельмі дзіўная псіхіка, якая змяняе настрой міліцыянтаў кожныя две хвіліны, і я лічу, што гэта страшна.

 

Жыццё пасля

 

Падчас пратэстаў план з пераездам ва Францыю стаяў пад пытаннем, таму што тады я ўпершыню дакладна зразумела сваю прыналежнасць да Беларусі. Я яе усвядоміла і не хацела быць за мяжой. Але ж пасля майго пахода ў РУУС я вырашыла, што мне патрэбны запасны план. Восенню 2020 году ў мяне было шмат малюнкаў і толькі адзіны польскі ўніверсітэт, які яшчэ прымаў заявы. Малюнкі спадабаліся і пачаўся сваеасаблівы перыяд дыстанцыйнай вучобы падчас каронавірусу. Пасля задушэння пратэсту мне было сумна і нічога не дапамагала. Ад польскага ўніверсітэту я падалася на праграму ва Францыі і паляцела туды чагосьці шукаць. Мара спраўдзілася. Але жыць ва Францыі ў марах, і жыць там сапраўды апынулася небам і зямлёю. Французская зямля навучыла мяне шмат чаму. Я пазнаёмілася з рознымі людзьмі. Але ведаеце, знаходзячыся там, я больш не магла слухаць французскую музыку ў слухаўках, замежнага было зашмат, і мне хацелася чагосьці, што робіць мяне сабою. Французам я не магла казаць многія фразы або па-свойму інтанацыйна падкрэсліваць штосьці, не магла, таму што яны гэтага проста не разумелі. Я ведала, што трэба казаць, каб ім было ясна, але гэта былі іх фразы і іх інтанацыі, штучныя для мяне. Мне не было шкада з’язджаць пасля праграмы, таму што ў Варшаве ў мяне былі сябры, беларусы. Я пачала працаваць і працягвала сваё навучанне. У Польшчы стала лягчэй, бо тут я адчуваю Беларусь. Ці ведаеце вы, што у Варшаве ёсць беларуская дзіцячая школа мастацтваў? Мы з гэтымі дзеткамі зрабілі ўжо шмат чаго цікавага, а тыдзень таму мая сяброўка па пратэстах сказала: “Ну зараз ты хаця б выглядаеш шчаслівай”. Сёння ў Варшаве нараджаюцца новыя ідэі, беларускія дзеці спяваюць па-беларуску, а ў невялікім пакоі, дэкараваным мной кветкамі з паперы, Маляваныч грае сваю батлейку.