ЗАГЛУШАНЫЯ ГАЛАСЫ: АСАБІСТАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА СТУДЭНТА ПРА ПАДЗЕІ 2020 ГОДА

Вірус ([email protected])

Warsaw 06.2023

Пра аўтара

 

Мяне завуць Вірус і я малады чалавек. Мае карэнні паходзяць з розных еўрапейскіх краёў: бацька этнічны рускі, маці мае змешанае беларуска-польскае паходжанне, плюс дакладна вядома пра французскі след у генеалогіі маёй сям'і. Не гледзячы на такую этнічную разнастайнасць свайго паходжання, я лічу сябе беларусам.

Я нарадзіўся і пражыў большасць свайго жыцця ў горадзе М., таму менавіта тут прайшлі мае школьныя і студэнцкія гады. У гэтым эсэ я не буду падрабязна расказваць пра школу, таму што лічу гэты перыяд самым звычайным і мала чым адрозніваючымся ад школьных часоў іншых беларускіх вучняў. Толькі ўзгадаю, што вучыўся заўсёды на высокія балы, удзельнічаў у школьных алімпіядах і канферэнцыях. Вельмі цікавіўся гісторыяй ды інфарматыкай. Таксама ў школьныя часы я актыўна займаўся спортам і адразу наведваў некалькі спартыўных секцый. А вось палітычную актыўнасць у той перыяд я зусім не праяўляў.

На фінальным этапе школьнай адукацыі я пачаў задумвацца пра сваю будучую прафесію і паступленне ў вышэйшую адукацыйную ўстанову. У першую чаргу я разлічваў на свае здольнасці ў гісторыі і інфарматыцы, але гэта не стала панацэяй. З аднога боку, не гледзячы на маю павагу да гістарычнай навукі, гісторыкам я быць не хацеў. А з другога боку, каб здаць уступныя іспыты па матэматыцы і фізіцы ды паступіць на інфарматыку, мне не хапала ўпэўненасці. Таму трэба было шукаць альтэрнатыву, дзе мела б месца супадзенне маіх зацікаўленнасцяў і здольнасцяў з аднога боку і магчымасцяў з другога. На шчасце, такі варыянт знайшоўся.

 

Факультэт міжнародных адносін БДУ: знаёмства і вучоба

 

Знаёмства з факультэтам адбылося ў 11 класе на дні абітурыента. Фармат мерапрыемства прадугледжваў сустрэчу абітурыентаў і іх бацькоў з кіраўніцтвам ФМА на чале з дэканам Віктарам Шадурскім і выкладчыкамі. Абітурыенты і бацькі задавалі пытанні прадстаўнікам факультэта, атрымлівалі звесткі пра навучальны працэс і крытэрыі для паступлення.

Пасля мерапрыемства я сур'ёзна задумаўся пра паступленне на гэты факультэт, бо на гэта знайшліся адпаведныя прычыны. Па-першае, мне здавалася рэальным здаць уступныя іспыты па роднай і замежнай мовах і грамадазнаўству на неабходную для паступлення колькасць балаў. Па-другое, на дні абітурыента на ФМА адчуваліся высокі ўзровень культуры зносін і павага з боку прадстаўнікоў універсітэта да абітурыентаў. У школе я прызвычаіўся да больш "камандна-адміністратыўнага" стаўлення да вучняў з боку дырэкцыі установы, але на ФМА адчуваўся іншы, больш дэмакратычны падыход. Па-трэцяе, мяне прываблівалі перспектывы, якія адкрываліся пры паступленні на ФМА: вучоба ў Мінску на адным з самых прэстыжных факультэтаў краіны, магчымасць вывучаць дзве і больш замежныя мовы, удзельнічаць у міжнародных праектах, стажыроўкі ў вядомых універсітэтах свету і, у рэшце рэшт, магчымасць стаць прафесійным дыпламатам па заканчэнні факультэта. Улічваючы ўсё вышэйапісанае, ФМА на той момант быў фаварытам з усіх наяўных варыянтаў. Таму пасля здачы цэнтралізаванага тэставання адзінае месца, куды я аднёс свае дакументы быў менавіта факультэт міжнародных адносін БДУ.

Вучобу на ФМА я ўспрымаю як вельмі пазытыўны аспект свайго жыцця. У школьныя гады я быў больш сфакусаваны на сваіх задачах і памкненнях. З гэтай прычыны праяўляў мінімум цікавасці да жыцця ўстановы. Ва ўніверсітэце ўсё кардынальна змянілася. Ужо на другім курсе я стаў членам адразу некалькіх студэнцкіх арганізацый і ініцыятыў, пачаў інвеставаць у іх свае сілы і час. Тут я арганізоўваў мерапрыемствы для студэнтаў, узначальваў клуб аматараў англійскай мовы і "англасакскай" культуры, мадэраваў сустрэчы з прадстаўнікамі еўрапейскіх палітычных колаў, удзельнічаў у даследаваннях і навуковых канферэнцыях.  Шмат свайго часу прысвячаў арганізацыі мадэлявання ААН на факультэце. Таксама, акрамя пазакласных актыўнасцяў, працаваў у розных фірмах. Таму, калі быць сумленным, навучальны працэс не заўсёды займаў прыярытэтнае месца ў мае студэнцкія гады, аднак я ніколі не меў з ім праблем. Па выніках скончыў універсітэт з адзнакай.

Калі назваць, што больш за ўсё падабалася ў вучобе на ФМА, то гэта тая атмасфера, якую стваралі дэканат і катэдры факультэта для сваіх студэнтаў. Вядома, што не заўсёды ўсё было ідэальна. Некаторыя выкладчыкі здзіўлялі сваім нежаданнем уносіць змены ў свае прадметы альбо скурпулёзным захоўваннем фармальнасцяў. Аднак у цэлым адчувалася ўзаемная павага і давер паміж студэнтамі і выкладчыкамі, дух студэнцкага адзінства і згуртаванасці, адкрытасць кіраўніцтва факультэта да крытыкі. Усё гэта давала пачуццё павагі асабістай думкі, матывавала старанна вучыцца і актыўнічаць на карысць факультэту, услаўляць яго і  ім ганарыцца.

Самую значную ролю ў станаўленні ФМА годным еўрапейскім факультэтам адыграў наш дэкан. Не гледзячы на сваю пасаду гэты чалавек быў і застаецца адкрытым і простым у зносінах, добразычлівым і ўважлівым да просьбаў студэнтаў і выкладчыкаў. Я упэўнены, што без яго асаблівага падыходу не ўдалося б зрабіць ФМА такім, якім ён быў увесь той час.

Падводзячы рысу пад вучобай ва ўніверсітэце хачу адзначыць, што я ніколі не шкадаваў пра абранне ФМА сваёй альма-матэр, нават не гледзячы на тое, што цяпер да маёй працы мне  б спатрэбіліся крыху іншыя веды. Аднак факультэт адыграў вялікую ролю ў маім станаўленні, і я вельмі ўдзячны тым, хто браў у гэтым удзел.

 

 2020 год: планы, перспектывы і іх трансфармацыя

 

2020 год пачаўся трывожна для многіх з нас, бо ўжо ў студзені людзі пачалі актыўна сачыць за распаўсюджваючайся пагрозай таго, што потым назавуць SARSCoV2 ці COVID-19.  Я зманю, калі скажу, што адчуваў набліжэнне лёсавызначальных для сябе падзей, аднак у любым выпадку год абяцаў быць напружаным. Летам 2020 года па планах я скончваў універсітэт, і гэтае паўгоддзе са студзеня па чэрвень я планаваў прысвяціць актыўнай падрыхтоўцы да дзяржаўных іспытаў і абароны дыпломнай працы. Таксама па правілах таго часу кожны студэнт перад абаронай дыплома быў павінен прайсці практыку. Я скарыстаўся  прадстаўленай факультэтам магчымасцю і ў лютым быў накіраваны на практыку ў дзяржаўную ўстанову.

Мая практыка не пратрывала і некалькі тыдняў, таму што прыблізна ў гэты час на Беларусі з'явіліся першыя выпадкі заражэння "ковідам". Унутраным распараджэннем ўстановы ўсе студэнты былі адкліканыя з практыкі. Людзі навокал пачалі сур'ёзна клапаціцца пра сваё здароў'е і бяспеку, сачыць за дыстанцыяй у грамадскіх месцах, па магчымасці сыходзіць на выдалены рэжым працы, не наведваць масавыя мерапрыемствы. Таксама ва ўніверсітэце па ініцыятыве кіраўніцтва нашага факультэта заняткі былі пераведзены ў анлайн фармат. Варта адзначыць, што не гледзячы на жаданне людзей засцерагчы сябе ў трывожнай сітуацыі, дзяржава не спяшалася прыкладаць рэальныя меры для падтрымкі нармальнага эпідэміялагічнага стану ў краіне: так нідзе па краіне не быў уведзены масачны рэжым, большасць устаноў працягвала працу на месцах без перахода на выдалены рэжым, не было разгорнута нармальнае тэставанне на выяўленне хваробы, і многае-многае іншае. Адпаведна, ужо з першых тыдняў з'явіліся скептыкі, якія не давяралі афіцыйнай статыстыцы заражэнняў ад беларускага міністэрства аховы здароўя і адкрыта выказвалі сваю незадаволенасць халтурнай падрыхтоўкай дзяржавы да надзвычайнай сітуацыі. Тут жа можна ўспомніць словы кіраўніка дзяржавы, які заяўляў, што ўвогуле “не бачыць ніякіх вірусаў”.

У сваю чаргу я таксама вырашыў не падвяргаць сваё жыццё небяспецы ад сустрэчы з вірусам, таму максімальна выконваў правілы самаізаляцыі дома. Вызвалены ад практыкі час я прысвяціў даследаванням па тэме дыпломнай працы і падрыхтоўцы да дзяржаўных іспытаў. Таксама  ў гэты час я пачаў актыўна вывучаць свае прафесійныя далягляды і патэнцыйныя магчымасці па працаўладкаванні. На той момант у мяне ўжо быў досвед афіцыйнага працаўладкавання ў Беларусі, таму я актыўна падтрымліваў напрацаваныя сувязі з былымі калегамі на выпадак, калі вырашу вярнуцца ў тую сферу дзейнасці, дзе працаваў раней. У гэты ж час я разглядаў варыянты працаўладкавання па спецыяльнасці, нават у дзяржаўных установах.

Але больш за свае прафесійныя пошукі ў той час мяне цікавіла магчымасць працягваць вучобу, каб атрымаць акадэмічную ступень магістра. На гэта мяне падштурхоўваў узрастаючы ўзровень канкурэнцыі на рынку працы сярод выпускнікоў і ўласная прага паглыблення ведаў. Маёй мэтай было патрапіць у адукацыйную ўстанову з эканамічным профілем, каб атрымаць ступень у эканоміцы і пашырыць свой патэнцыял для працаўладкавання ў прыватных міжнародных кампаніях. Дзеля гэтага я разглядаў як беларускія, так і замежныя ўніверсітэты, але, шчыра кажучы, імкнуўся больш да другой опцыі. На момант наступу эпідэміі "ковіда" у мяне быў дакладна распрацаваны план паступлення ў адзін з вядучых універсітэтаў Кітая, дзе я планаваў атрымаць ступень магістра дзелавога адміністравання. Аднак з-за абставін таго году ажыццявіць дадзены план не ўдалося.

Сярод беларускіх універсітэтаў я разглядаў некалькі эканамічных спецыяльнасцяў, але на момант правалу плану з паступленнем за мяжу я вырашыў на пэўны час адкласці паступленне ва ўніверсітэт і дачакацца канкрэтыкі наконт эпідэміі. Таму, калі ў мяне з'явілася магмычасць зноў працаўладкавацца, я вырашыў скарыстацца гэтым шанцам і перачакаць эпідэмію ў больш стабільным фінансавым становішчы.

 

Пратэсты-2020: пачатак

 

Напружанне ў грамадстве і незадаволенасць уладамі адчувалася задоўга да выбараў, але кульмінацыяй народнай незадаволенасці сталі фальсіфікацыі падчас выбарачнай кампаніі 2020 г. Як вядома, найбольш папулярныя апазіцыйныя палітыкі былі затрыманыя напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў, альбо ўвогуле не былі зарэгістраваныя па сумнеўных прычынах. На такія дзеянні ўладаў па ліквідацыі папулярных апазіцыйных палітыкаў, а таксама на бяздзеянне дзяржавы ў пытанні эфектыўнай барацьбы з эпідэміяй, у грамадстве выспела вострая рэакцыя, і з надыходам лета пачаліся першыя пратэсты. Людзі выходзілі на стыхійныя акцыі ды выстрайваліся ўздоўж галоўных вуліц сваіх гарадоў у ланцугі салідарнасці з затрыманымі палітыкамі.

Першы раз я сутыкнўся з сучаснай праваахоўнай сістэмай Беларусі, калі ў ліпені ў Мінску затрымалі майго таварыша. Калі не паглыбляцца, то ён вяртаўся з прагулкі недалёка ад месца, дзе праходзіла мірная акцыя, і выпадкова патрапіў пад "хапун". Тады таварыша ноч пратрымалі ў РУУС і на наступны дзень асудзілі па папулярным артыкуле 23.34 ды далі штраф. Азіраючыся на падзеі тых дзён, можна сказаць, што гэты вырак быў гуманным, бо пачынаючы са дня выбараў і далей паводзіны сілавікоў і стаўленне дзаржаўнага апарату да незадаволеных грамадзян стала значна больш жорсткім.

 

Дзень выбараў і затрыманне

 

Самымі драматычнымі падзеямі пад час падзей 2020 году для мяне стала маё затрыманне ў Мінску ўначы з 9 на 10 жніўня падчас вяртання дадому з мірнай акцыі. Усё пачалося з таго, што ўвечары 9-га я вырашыў схадзіць на свой участак для галасавання і спраўдзіць рэзультаты выбараў. Абураны, не сапраўднымі, на мой погляд, вынікамі, я патэлефанаваў сябру і дамовіўся з ім прайсціся па праспекце Незалежнасці ды паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Не ведаю, што кіравала мной у тую хвіліну: чалавечая цікаўнасць, неабыякавасць да будучыні сваёй краіны, пашана свайго выбару ці можа адразу ўсё пералічанае, але ногі самі панеслі мяне у горад у тую ноч.

З сябрам мы спаткаліся на плошчы Перамогі і пайшлі па праспекце ў бок плошчы Якуба Коласа. У тую ноч эпіцэнтрам падзей было скрыжаванне вуліц Багдановіча і Машэрава, дзе на супрацьлеглых канцах вуліцы стаялі міліцэйскія кардоны і пратэстоўцы. Людзей было няшмат, чалавек сто, але ў той момант здавалася, што іх было значна больш. Пратэстоўцы, да якіх мы далучыліся ў выніку нашай прагулкі, не парушалі парадку і не рабілі шкоды міліцыянтам. Ад самага пачатку пратэст быў выключна мірным. Сітуацыю ж пастаянна эскалявалі міліцыянты, якія закідвалі натоўп светлашумавымі гранатамі і выскаквалі з заслону, каб затрымаць тую ці іншую асобу. Пакуль мы былі там, некалькі разоў мы былі вымушаныя уцякаць ад такіх нападаў, але пасля няўдалых спробаў нас затрымаць мы вярталіся на першапачатковае месца. Праз некаторы час міліцыя змяніла тактыку і замест адзіночных затрыманняў пачала татальную зачыстку вуліц. На той момант нам пашанцавала. Міліцыянты прайшлі міма, пакуль мы хаваліся ў двары аднога з дамоў па вуліцы Машэрава. Як толькі небяспека абмінула, мы вырушылі дадому.

Каб патрапіць дамоў да сябра, які жыў бліжэй, нам заставалася перайсці дарогу і зайсці у прылеглы дворык. Аднак з-за стомленасці і перажытага стрэсу мы страцілі пільнасць і без засцярогі падышлі да пераходу. Праз момант да нас хутка пад’ехаў чырвоны аўтобус "Мінсктрансу", з якога з крыкамі выскачылі АМАПаўцы. Апошняе, што я паспеў, гэта паглядзець на гадзіннік: было 3 гадзіны ночы.

 

 РУУС і ізалятар

 

З аўтобуса выскачылі ўзброеныя аўтаматамі мужчыны, апранутыя ў чорную ўніформу. Адзін з іх груба паваліў мяне на асфальт, пагражаючы застрэліць, калі я не буду слухацца яго загадаў. Пасля ён схапіў мяне пад счэпленыя ззаду рукі і пацягнуў у аўтобус. Сябра прыцягнулі адразу пасля мяне. Памятаю, што ў дзвярах атрымаў некалькі ўдараў кулаком па галаве, і, здаецца, адзін раз дубінкай, пасля чаго мне загадалі сесці на падлогу. Аўтобус пачаў рухацца.

Да РУУС мы даехалі прыкладна праз паўгадзіны. У аўтобусе ў нас сабралі тэлефоны. Пасля паасобку павялі да дзвярэй РУУС, дзе прымусілі стаць на калені і, трымаючы рукі за спіной, апусціць галаву на зямлю. Мне не пашанцавала: замест зямлі пада мною апынўся жорсткі прыганкавы бетон. У такой пазіцыі, не ўздымаючы галавы, я прасядзеў прыкладна две гадзіны. Побач са мной знаходзілася яшчэ ад 40 да 50 чалавек, у тым ліку і дзяўчыны.

У РУУС мяне аформілі і загадалі чакаць у пакоі разам з іншымі затрыманымі. Я быў перакананы, што нас хутка адпусцяць, але мае спадзяванні не спраўдзіліся. Пасля свайго абеду супрацоўнікі РУУС сабралі нас у калідоры і паведамілі, што мы едзем у ізалятар, дзе ўжо будуць вырашаць наш далейшы лёс.

У ізалятары нас сустрэлі жорстка. Спачатку прымусілі бегчы па калідорах, уздоўж якіх стаялі супрацоўнікі ўнутраных войскаў і білі затрыманых. Пасля мы апынуліся ў шырокім калідоры жылога блоку, дзе знаходзіліся камеры. Нас паасобку выклікалі на агляд, дзе распраналі і забіралі рэчы, якімі мы маглі нанесці шкоду сабе ці іншым. Пасля чаго нас усіх размеркавалі ў групы па восемь чалавек і пачалі заводзіць у камеры. Я апынуўся ў камеры на восемь асоб, але разам з новапрыбылымі ў камеры стала 24 чалавек. Умовы былі жорсткімі: паветра катастрафічна не хапала, па сценах струменілася скандэнсаваная ад дыхання вада, месца "на нарах" не хапала нават каб сесці. Да таго ж мой сябар патрапіў у іншую камеру, таму на наступныя некалькі дзён я цалкам страціў з ім сувязь. На шчасце, ноччу ад нас адсялілі 12 чалавек. У застаўшымся 12-асабовым складзе мы пражылі некалькі наступных дзён, ізаляваныя ад знешняга свету.

Познім вечарам 13 жніўня раптоўна адчыніліся дзверы нашай камеры і супрацоўнікі паклікалі аднога з нашых сакамернікаў на калідор. Потым ад нас на выхад паклікалі яшчэ некалькі асоб. За дзвярыма паступова пачаў нарастаць гоман. Потым усе галасы сціхлі, быццам бы хтосьці важны звярнуў на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды так: на калідоры нізкім голасам мужчына, хутчэй за ўсё дзяжурны афіцэр, пачаў даводзіць інструкцыі да сабраных затрыманых пра тое, як паводзіць сябе па вызваленні. Па заканчэнні прамовы па бетоннай падлозе зашорхалі падэшвы, і праз некалькі хвілін на калідоры зноў запанавала цішыня. Аднак ужо праз 10-20 хвілін супрацоўнікі зноў пачалі выклікаць людзей з камер. У гэты раз выклікалі і мяне. Некаторы час я пачакаў на калідоры, пасля чаго мяне паклікалі за ўласнымі рэчамі, а потым завялі у кабінет да асобы, якую мне падалі як мясцовага пракурора, на падпісанне папераў. Размова з гэтай асобай у нас атрымалася кароткай. Усё што ён сказаў: "Яшчэ раз убачу, заб'ю". Не ведаю, ці гэта была “фигура речи”, ці ён сапраўды мне пагрожваў, але я ўспрыняў гэтую кароткую фразу вельмі сур'ёзна. Я моўчкі падпісаў абавязак з'явіцца ў суд і выйшаў на калідор, дзе зноў стаў у шэрагі чакаючых на вызваленне. Сярод апошніх я заўважыў свайго сябра. Гэта мяне заспакоіла. Яшчэ праз некалькі хвілін нас пагрупавалі па калонах, і мы пайшлі на выхад.

Я не чакаў, што мяне будуць сустракаць, бо я знік без папярэджання. Аднак я памыліўся: адразу за брамай установы сабраўся натоўп прыкладна ў 600-700 чалавек. Наперадзе былі журналісты, якія рынуліся да нас з пытаннямі і просьбамі даць каментар. Я ветліва адмовіўся. Далей стаялі бацькі і паказвалі фотаздымкі сваіх затрыманых дзяцей. Я намагаўся ўглядзецца ў кожны твар на гэтых здымках, але нікога знаёмага на іх не пазнаў. Раптам нехта ў натоўпе паклікаў мяне: "Мы тут!". Гэта быў мой бацька, які стаяў крыху ззаду разам са сваёй жонкай і маімі сябрамі. Праз секунду я крэпка абдымаў сваіх блізкіх. Асабіста гэты момант стаў для мяне важным, маім трыумфам свабоды. Пасля я хутка развітаўся з сябрам, якога таксама сустракалі, і жвава сеў у машыну.

            Пакуль мы ехалі дадому, бацька і сябры распавядалі пра падзеі, які адбываліся ў краіне пачынаючы з 9 жніўня. У тыя моманты ў галаве круцілася адзіная думка: "Як мы будзем жыць далей?"

 

Сучаснасць

 

Калі я вярнўся дадому, мой псіхалагічны стан стаў паступова пагаршацца. У гэты перыяд - сярэдзіна жніўня - пратэст яшчэ толькі разгараўся, і адначасова з гэтым узрастаў ўзровень гвалту з боку дзяржавы. На мой псіха-эмацыйны стан таксама дрэнна паўплывалі ўбачаныя відэа з разгонаў 9-13 жніўня. Я быў шакаваны, пабачыўшы сапраўдны твар сваёй дзяржавы, і мяне паступова пачаў захлынаць страх за сваю бяспеку. Тут жа дадам, што суд па маёй справе тэарэтычна мог пачацца ў любы дзень. Мой жа вырак мог стаць помстай дзяржавы, у тым ліку, за ўвесь той народны супраціў, які быў на вуліцах беларускіх гарадоў у той час. Я ўвогуле не разлічваў на міласэрнасць ці "прабачэнне", і таму не выключаў, што застаючыся дома, я рызыкую зноў апынуцца за кратамі. Я пачаў сур'ёзна задумвацца пра эміграцыю.

Аднойчы на прыканцы жніўня мне патэлефанаваў сябар, з якім нас разам затрымалі, і сказаў, што хоча развітацца, бо з'язджае ў Польшу. Мы сустрэліся, і ён расказаў пра сваю стратэгію і далейшыя планы. Праз некалькі дзён ён выехаў да Польшчы. Я вырашыў таксама ехаць у Польшчу і ўжо там вызначыцца з далейшымі планамі. Я заўсёды доўга абдумваю і намагаюся прадугледзець магчымыя наступствы ад сваіх учынкаў, але ў той раз мяне падганяла пачуццё нарастаючай трывогі і небяспекі, таму хутка абмеркаваўшы дэталі і развітаўшыся з сям'ёю, я выехаў з краіны.

Зараз я знаходжуся ў Польшчы. Тут я жыву ўжо амаль тры з паловай гады. За гэты час я паспеў пажыць як у малых вёсках, так і ў прыгожых польскіх гарадах. Зараз я жыву разам са сваёй дзяўчынай ды працую на добрай пасадзе ў IT-фірме. Таксама нядаўна я вывучуыўся на магістра па спецыяльнасці ў сферы кіравання якасцю, чым ажыццявіў сваю даўнюю мару аб другой вышэйшай адукацыі. На жаль, з 2020 году я не бачыўся ні з кім са сваёй сям'і, акрамя мамы. Увесь гэты час я таксама не быў у Беларусі. І хаця жыццё на чужыне зусім не простае, але тут я адчуваю сябе спакойна і стабільна, ды магу нармальна працаваць і планаваць будучыню. Аднак самым галоўным вынікам пераезду стала пачуццё сапраўднай свабоды, якой так не хапала ў Беларусі ў мае апошнія месяцы знаходжання ў ёй. Канешне, я вельмі сумую па дому, але да пэўных зменаў, я, на жаль, не магу туды павярнуцца.

 

Матывацыя, выснаўкі і будучыня

 

Даволі часта знаёмыя пытаюць, якой была мая асабістая матывацыя да ўдзелу ў падзеях 2020 гожу. Як я ўжо ўспамінаў раней, у самы адказны момант мной кіравала не столькі мая грамадзянская пазіцыя, але зацікаўленасць маладога чалавека да падзей вокал сябе, пачуццё неабыякавасці да свайго жыцця, да свайго выбару і свету навокал. Да гэтага ж я асабіста лічу, што калі ты дазваляеш іншым хлусіць табе ў вочы, то ты не паважаеш самаго сябе.

Канешне, акрамя маіх уласных абставін былі і іншыя, больш сур’ёзныя прычыны быць у эпіцэнтры падзей таго жніўня. Здавалася, што нязломны дух беларускага народу, які да таго моманту быў у няволі ўжо не адно стагоддзе, быццам бы зайграў па-новаму і згуртаваў нас у непераможную сілу. Я, шчыра кажучы, ніколі не бачыў беларусаў настолькі перакананымі і аб'яднанымі ў сваім душэўным імкненні да свабоды, як у гэтыя дні, што натхняла мяне і многіх людзей навокал прымаць тыя ці іншыя рашэнні. На жаль, у тыя дні нам не ўдалося дасягнуць нашых прадстаўленняў пра справядлівую Беларусь, але я перакананы, што ў будучыні ў нас усё ж такі будзе такая магчымасць. Не гледзячы на тое, што адкрыты пратэст даўно скончаны, мы пабачылі адзін аднаго ў новым святле і зразумелі, што мы здольныя на ўчынкі і перамогі.

Зараз шмат беларусаў знаходзіцца за мяжой. Хтосьці мірна вучыцца альбо працуе і падтрымлівае актыўнасці дыяспары на месцах, хтосьці актыўна прасоўвае нашую культуру і нашыя каштоўнасці, а хтосьці прама зараз працуе над будучыняй нашай краіны і дамаўляецца пра падтрымку беларусаў як за мяжой, так і на Беларусі. Але, не гледзячы на розныя "заданні", галоўнае, што мы робім сумесную справу, баронім сваю самаідэнтычнасць, застаемся беларусамі адзін для аднога. Калі нехта спытае, што нам рабіць у гэтыя змрочныя часы, то па-першае адкажу паэтычна: “Людзьмі звацца”, а па-другое параю ўступаць у мясцовыя беларускія дыяспары і задзіночанні, пералічваць грошы на адкрыццё беларускіх школ і выданне беларускай літаратуры, праводзіць мірныя маршы і канцэрты ў падтрымку нашых землякоў, тварыць беларускае мастацтва і зберагаць сябе і сваіх блізкіх. На маю думку, гэта ўсё рэальна набліжае нас да Беларусі, дзе будуць мір і справедлівасць, дзе будзе роўнасць і шчырасць, дзе дыктатура ўсё ж такі будзе трактавацца як злачынства, а не брэнд. Да сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі.

Калі падвесці рысу пад маёй гісторыяй, то хачу сказаць, што адзінства і падтрымка сёння нашыя самыя надзейныя саюзнікі. Не важна, студэнт ты ці выкладчык, айцішнік ці медык, рабочы ці мастак. Падтрымка адзін аднога можа змяніць ход гісторыі. Увесь мой шлях  мяне падтрымлівала мая сям'я і сябры, давалі дапамогу калегі і розныя фонды, дапамагалі неабыякавыя беларусы як ў Польшчы, так нават і з-за акіяну. І гэта толькі мой асобна ўзяты прыклад, таму можна ўявіць наколькі насамрэч вялікая і шчыльная наша супольнасць па ўсім свеце. Падзеі 2020 году відавочна змянілі маё жыццё, як і жыцці мільёнаў беларусаў, але я лічу, што гэтыя змены былі нам на карысць. Асабіста я стаў больш міласэрным, больш добразычлівым да людзей, але самае галоўнае, што я адчуў сябе яшчэ больш беларусам. І гэтае пачуццё і выгадаваную за гады выпрабаванняў самаідэнтыфікацыю я планую зберагчы і передаць нашчадкам.