“Я хачу прайсці па зямлі
Самым верным, любімым сынам”
Генадзь Бураўкін
Неаб’емная прастора беларускага палітычнага жыцця адкрылася для мяне яшчэ ў школьным узросце. Памятаю, як на лядоўні вісела паштоўка з перадвыбарным лозунгам Уладзіміра Някляева “Я прыйшоў, каб вы перамаглі”, а дома з’яўляліся новыя выпускі “Народнай Волі”. Я літаральна праглынаў падзеі перадвыбарнай гонкі 2010 г., якія беспаспяхова спрабаваў абмяркоўваць у сярэдняй школе з настаўнікамі і аднакласнікамі. Апошнія не цікаваліся, яны былі вельмі занятыя дотай і контрастрайк, а выкладчыкі хіба баяліся сказаць штосьці лішняе ці іх сапраўды больш клапацілі гароды і ўборка лістоты на тэрыторыі школы. Потым быў Ліцэй БДУ, дзе я патрапіў у асяроддзе людзей, якія любілі сваю краіну і вельмі хваляваліся за яе будучыню. У Ліцэі мы абмяркоўвалі адкрыта ўсё: Майдан, Крым і Данбас, прэзідэнцкую кампанію і такіх яркіх персанажаў як Улаховіч і Караткевіч, уключалі на ўвесь калідор песні Ляпіса і N.R.M., ладзілі дні беларускай мовы і культуры. Ліцэй жыў сваім жыццём і быў нетыповай для Беларусі ўстановай адукацыі, за што я яму вельмі ўдзячны і асабліва неверагодным выкладчыкам.
Факультэт міжнародных адносін працягваў быць выспай лібералізму на планеце пад назвай Белдзяржуніверсітэт. Але заўсёды прыходзілася звяртаць увагу пра што гаворыш і з кім. Асаблівай характарыстыкай ФМА была лаяльная і разумеючая адміністрацыя і пры гэтым наяўнасць людзей, якія могуць лёгка сапсаваць тваё жыццё. Адным словам, гэтыя навучальныя ўстановы далі мне разуменне годнасці і правільных учынкаў. Мы выхоўваліся ў любові да Радзімы і гатовыя былі працаваць на яе далейшае развіццё. Мы марылі і імкнуліся стаць беларускімі дыпламатамі. Шкада, што шмат выпускнікоў БДУ разумелі гэта па-свойму і здрадзілі закладзеным каштоўнасцям.
Пасля заканчыння ФМА мяне запрасілі прайсці падрыхтоўку ў лінгвістычным універсітэце, каб працягнуць працу ў Міністэрстве замежных спраў. Нахапіўшы рамантызму з мемуараў Пятра Краўчанкі, натхнёны мультывектарным напрамкам беларускай знешняй палітыкі і паляпшэннямі адносінаў з краінамі Захаду, ідучы за марай, я пагадзіўся на такую прапанову і паставіў подпіс на дакуменце побач з Уладзімірам Макеем. Мяне цікавіла сама ідэя “нетыповай” для Беларусі дзяржаўнай установы: міністэрства, якое прасоўвала беларускую эканамічную і культурную павестку, пашырала цікавасць да нашай краіны за мяжой. Пад час практыкі ў МЗС, мне падалося, што большасць супрацоўнікаў разумеюць існуючыя праблемы, смяюцца з новых перлаў свайго прэзідэнта, спадзяюцца на тое, што Беларусь будзе лепшай краінай. Я шчыра верыў у патрыятызм і магчымасць маладых дыпламатаў і чыноўнікаў паўплываць на агульную каразіўную сістэму і змяніць яе знутры. Апынулася, што такіх рамантыкаў было няшмат, а ў 2020 г. толькі невялікая частка здолела сказаць праўду, астатнія апусцілі свае твары ў стол і лёгка адмовіліся ад імкнення да лепшага. Беларускі дыпламат замест прыкладу для маладых студэнтаў, стаў здымаць ганебныя тыктокі і рабіць заявы, распальваючыя варожасць з іншымі краінамі.
Акрамя сваёй любові да беларускай гісторыі і культуры, я шчыра заўзеў за нацыянальную зборную па футболе. Раней я ніколі не прапускаў аніводнага матча, нават калі каэфіцыент перамогі быў ніякі. У кастрычніку 2020 г. я вырашыў паглядзець футбол на стадыёне “Дынама” з двума беларускімі сцягамі, спрабаваўшы паказаць, што зараз падзяліць народ не атрымаецца і мы ўсе разам выступаем супраць аўтарытарных уладаў і гвалту з боку сілавікоў. Падабаецца нам ці не, але мы мусім прызнаць, што наша ўнікальная краіна жыве пад двума сцягамі. Адзін нацыянальны, гістарычны бел-чырвона-белы, а другі сімвалізуе аўтарытарную дзяржаву і сацыялістычнае мінулае. Я нарадзіўся, скончыў універсітэт і пачаў сваю працу, калі ў краіне дамінаваў чырвона-зялёны сцяг. Пры тым увесь гэты час у маім пакоі вісеў бел-чырвона-белы і тады гэта нікога не турбавала. Такі ў нас беларускі гістарычны дуалізм: пастаяннае жыццё ў двух рэальнасцях, двух гістарычных праўдах, з дзвюма мовамі, двума прэзідэнтамі, пад двума сцягамі.
Мяне затрымалі на трыбуне футбольнага стадыёну. Пад час арышту група АМАПаўцаў спрабавала прачытаць мне ўрокі гісторыі, а я глядзеў на іх здзіўленымі вачымамі, калі апынялася, што Польшча нас калісьці захапіла, а Статут ВКЛ быў прыняты ў 1918 годзе… Як потым высветлілася, мяне забралі за арганізацыю адзіночнага пікета і выражэнне сваёй нязгоды з вынікамі чэсных выбараў, артыкул 23.34. Потым я даведаўся, што разам са мной на іншым сектары матч глядзеў Дзмітры Балаба, і ён не вельмі ацаніў маю ініцыятыву. Міліцыянт, які прывез мяне на Акрэсціна, перад развітаннем спытаў, за што затрымалі. – “За сцяг”. – “Што, проста за сцяг? І за гэта на Акрэсціна?” – “Так”. – “Поўная жэсць”. Далей ішла стандартная практыка распранання і прысядання перад усімі прысутнымі, пара гадзін у “стакане”, а пасля дзень чакання суда.
Суд складана назваць судом, бо ён праходзіў па скайпе на другім паверсе таго ж самага будынку, дзе ў камерах сядзелі людзі. Суддзя Ленінскага раёна з прозвішчам Шут выйшла на анлайн сувязь у масцы. Відавочна баялася, што людзі, якія ўдзельнічаюць у мітынгах, могуць перадаць ёй каранавірус па скайпе. Яна вельмі хутка размаўляла, чутна было праз слова. Распавёўшы сваю версію сітуацыі, яна далучыла да званка сведку, міліцыянта ў балаклаве, які проста зачытаў версію з пратакола. Мне было і смешна, і страшна. Смешна ад усяго абсурду сітуацыі і страшна, што гэтая сітуацыя рэальная. Сведка не змог адказаць на мае пытанні пра вопратку, наяўнасць заплечніка, сектар стадыёна, на якім адбылося затрыманне. І ў гэтых апарах абсурду, суддзя сышла для прыняцця “складанага рашэння”, для якога спадарыні Шут спатрэбіліся толькі паўтары хвіліны. Гэта называецца майстэрства працы і годы каштоўнага досведу. Я гледзеў на сцяну будынка суда Ленінскага раёну на экране ноўтбука і пачуў толькі закадравы голас, які абвясціў пра 12 содняў арышту.
Наступную ноч я правёў у ЦІПе, дзе разам былі воры, алкаголікі і людзі, якія пастаялі на вуліцы са сцягамі сваёй краіны. Запомніліся словы аднаго з сакамернікаў, вельмі спітага і сіпатага мужчыны: “А ты што на ФМА вучыўся? А я яго будаваў”. Наразмаўляўшыся з хлопцамі, наеўшыся безлімітнага акрэсцінскага хлебу, прайшоўшы агляд ад знакамітай жорсткай жанчыны з драўляным малатком, мяне перавезлі ў няўтульным аўтазаку ў горад Жодзіна, дзе я правёў запамінальныя 9 дзён свайго жыцця. З Акрэсціна нас праводзілі словамі: “Хутка пабачымся, але ўжо па крыміналцы, калі не паспееце з’я*ацца ў Польшчу”. Шмат хто з нас успрыняў гэта як заклік да дзеянняў.
Мы знаходзіліся ў камеры для пзшнікаў (пастаянных зняволеных). 10 чалавек, двухпавярховыя жалезныя ложкі, цвіль, кругласутачнае святло, халодная вада, пройма. Было немагчыма спаць праз маленькія нязручныя ложкі і ўключаныя лямпы. Мы называлі гэта катаваннямі святлом. Бялізны не было, а на маёй падушцы асадкай было напісана 328. Калі мы “клаліся” спаць, казалі адзін аднаму: “Дабранач, неверагодныя”.
Гэтыя дні сталі для мяне цікавым сацыяльным эксперыментам, як няспынна падтрымліваць адносіны дзесяці людзям ў камеры на 15 квадратных метраў. Мы размаўлялі, жартавалі, нават часамі спявалі, гралі ў даміно з лепнага хлебу, рашалі сканворды, чыталі кнігі, сярод якіх “Эдэм” Станіслава Лема, аўтабіяграфія Дзідзье Драгба, кніга пра Калумба, Аўстралію і нават “451 градус па Фарэнгейце” Брэдберы. Удзячны ўраду сваёй краіны за тое, што ўдалося прачытаць кнігі, на якія дагэтуль не знаходзілася часу.
Яшчэ адным катаваннем была руская папса і шансон цэлы дзень. Мне здаецца, адміністрацыя турмы яго спецыльна ўключала, каб вывесці ўсе прабеларускія думкі з пратэстуючых сядзельцаў і падтрымаць неўміручую абмежаванасць яе супрацоўнікаў. Не магу знайсці іншых прычын, бо такая музыка не можа ж проста так падабацца.
Вельмі прыемна ўзгадваць “бойкі” паміж нашай “хатай” і прадольнымі міліцыянтамі. Калі яны не давалі нам мыцца, мы націскалі кнопку выкліку дзяжурнага, гук якой быў чутны ва ўсім калідоры. Яны за гэта забаранялі нам сядзець на ложках, мы ў адказ спецыяльна на іх клаліся. Нам пачалі прыносіць па чатыры алюміневыя кубкі з кампотам замест дзесяці. У знак пратэсту мы на гэтых кубках павыразалі надпісы “Жыве Беларусь!” і “Аўтазакі ў аўтазак”, пасля чаго нас увогуле пакінулі без піцця на ўсе астатнія дні. А пасля і ўвогуле на дзень адключылі ваду, ад чаго ў камеры быў такі моцны пах несмыўнага лайна. Перамога дасягнута не была, затое гэтыя бойкі падымалі настрой і натхнялі на новыя подзьвігі. Дзякуючы гэтым подзьвігам мы атрымлівалі ў камеру цыгарэты, лісты і перадачкі, бо міліцыянты стамляліся з намі вазіцца.
Кансеквенцыяй усяго майго турэмнага падарожжа стаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, які кожную раніцу з гонарам граў ва ўсіх камерах Жодзінскай турмы №8, усяляючы ў аблудных грамадзян пачуццё патрыятызму і любові да сваёй айчыны. Годна скончыўшы мелодыю Сакалоўскага і Карызны пра вечна жывучую і квітнеючую Беларусь, у турэмных калонках палілася іскрамётная прамова Аляксандра Лукашэнкі, дзе было сказана, што беларусы не змогуць выжыць без свайго кормчага, а ён без Беларусі. Супрацоўнікі турмы кожны дзень сваімі дзеяннямі пацвярджалі гэты тэзіс.
На наступны дзень пасля “экскурсіі” ў Жодзіна, мяне выклікалі на размову ў МЗС, дзе мы прыемна паразмаўлялі з кіраўніцтвам міністэрства і запрошаным госцем з КДБ. Падвёўшы вынікі гэтай размовы, мне заявілі, уся праблема ў тым, што я падтрымліваю беларускую зборную па футболе, якая грае як га*но. Цікава, а якую зборную падтрымліваюць яны?
З беларускай дыпламатычнай службай я тады развітаўся, а лёс майго сцягу застаецца невядомым. Правісеўшы дзесяць год у маім пакоі, зараз ён напэўна знаходзіцца ў калекцыі беларускай сімволікі СТ №8 г. Жодзіна, або які-небудзь міліцыянт ужо даўно яго спаліў. А можа і не спаліў, а тайна павесіў у сваім пакоі і сцяг працягвае сваё годнае існаванне.
Пад час кароткага досведу ў беларускай турме, я яшчэ больш упэўніўся ў сваім аптымістычным падыходзе да жыцця. Толькі дзякуючы аптымізму і пачуццю гумару можна выжыць у такой сюррэалістычнай рэчаіснасці. Можна сумаваць, пакідаць надзею і матывацыю, але лепей не будзе нікому. Таксама я вельмі цаню беларускую ахімсу, негвалтоўнае супрацьстаянне. Мірны доўгі складаны шлях да пераможнага канца і ёсць наша самаідэнтычнасць, візітоўная картка беларускага пратэсту, а ніяк не прычына паразы. У турме часта гучалі ідэі адыходу ад мірнага плану, неабходнасць помсты і забойстваў. Але ці гэта шлях да цывілізаванага свету, у які мы імкнемся? Ці забойствам злачынцаў можна вырашыць бягучыя праблемы?
Сярод прычынаў, чаму шлях да новай Беларусі, пра якую мы мроім, настолькі зацягнуўся, ёсць упэўненае жаданне людзей да пераменаў, але адсутнасць жадання змяняцца самім. Большасць беларусаў хочуць жыць па-новаму, але не пагаджаюцца прымаць нормы развітага сацыяльнага грамадства: правы чалаека, гендэрную роўнасць, павагу да сэксуальных, этнічных, расавых меншасцяў. Людзі звыклі чакаць загаду зверху пра тое, як сябе паводзіць, але асноўныя змены ў сваім светапоглядзе можна зрабіць менавіта на мікраўзроўне. Нават, знаходзячыся ў аўтарытарным таксічным асяроддзі.
За тры гады пасля правядзення выбараў 2020 г. палярызацыя грамадства дасягнула свайго гістарычнага максімуму. Беларусы яшчэ ніколі не былі настолькі падзеленыя як зараз. Прорва паміж “змагарамі” і “ябацькамі” вялікая і працэс будаўніцтва Новай Беларусі залежыць толькі ад таго, як хутка мы пачнем яе закопваць. Нацыянальная сталасць і поспех нацыянальнага развіцця палягае ў шырокім дыялогу ўсёй нацыі без выключэння. Без нацыянальнай еднасці і спробаў агульнага дыялогу праект пад назвай Новая Беларусь існаваць не будзе, бо немагчыма выкрэсліць цэлую частку нацыі, нават калі гэтая частка камусьці не падабаецца.
Мы часта любім перакладваць адказнасць на іншых і баімся прызнаваць свае памылкі, шукаем вінаватых. Народная адсутнасць ініцыятыўнасці і безальтэрнатыўная крытыка адцягваюць набліжэнне пабудовы Новай Беларусі. Многія прапускаюць столькі цікавага, не выходзячы са сваіх уласных межаў і зон камфорту. Шлях да пераменаў можа пачацца толькі тады, калі звычайныя беларусы, якія прачынаюцца а 6 гадзіне раніцы, адводзяць дзяцей у школу, едуць на працу, пачнуць змяняць свае падыходы да штодзёнага жыцця. Самі, без загадаў зверху, без спадзеваў на Еўразвяз, ЗША, Расію і Бога.
Усе перамены трэба пачынаць з сябе. Як планавалася ў дзяцінстве, я вярнуўся ў сферу міжнародных адносін і працую ў гуманітарнай арганізацыі, дапамагаю ўцекачам з Украіны адчуваць сябе ў новай краіне бяспечней і камфортней. Нягледзячы на тое, што імкненні да беларускай дыпламатычнай службы спыніліся, я адчуваю сябе на сваім месцы з мэтай прынесці ў свет карысць і дапамогу. Я упэўнены, што ў жыцці добрыя справы вяртаюцца. Спадзяюся, што будучыня Беларусі будзе за людзьмі, якія аддаюць сябе самаразвіццю, робяць правільныя рэчы і гатовыя змяняць сябе і свет вакол сябе. Сярод іх палітычныя зняволеныя і тыя, хто згубіў свой час росквіту ў беларускай турме за жаданне быць сумленым чалавекам. Я здымаю капялюш перад усімі палітвязьнямі. Вы – героі Беларусі. А пытанне, пад якім адзіным сцягам наша краіна працягне сваё жыццё хутка вырашыцца і на гэты раз гістарычная справядлівасць, не павінна абысці Беларусь.