Крыху пра кантэкст дзяцінства лірычнай гераіні
Я нарадзілася ў маленькай вёсачцы Беларусі. З аднаго боку гэта было станоўчым фактарам, бо прырода побач, больш нейкай вольнасці і магчымасці выбудаваць падмуркі для сябе як асобы ў ізаляваных умовах. З другога боку – гэта даволі закрытая сістэма, дзе хуткі інтернет з’явіўся вельмі позна, а асноўныя крыніцы інфармацыі нельга было назваць незалежнымі.
З дзяцінства маці мне прывіла любоў да прыроды, бо часта брала мяне з сабою па ягады ці грыбы. Калі пачалася вучоба ў школе, то я адразу вызначыла, што хачу і буду старанна вывучаць хімію. Упэўнена, што вы мяне зразумелі бы, калі пабачылі маю настаўніцу па хіміі. Гэта была вельмі харызматычная жанчына! На дзіцяці зрабіла непаўторнае ўражанне яе прычоска, бо валасы былі вельмі падобны да Эйнштэйнаўскай укладкі. Слова я сваё стрымала і плённа вывучала хімію. Але маленькімі крокамі ў маё жыццё стала ўкрадвацца біялогія. Чым больш я даведвалася пра розныя з’явы, тым больш мне падабалася гэта навука. Да 10-га класа вучылася ў беларускамоўнай школе, якую зачынілі. Магу дадаць, што мы (мясцовыя жыхары) спрабавалі абараніць школу хаця б на яшчэ адзін вучэбны год. Так было арганізавана мерапрыемства для гутаркі ўлады і жыхароў. Поўная заля людзей. усе напружаны: кожны разумеў, што гэта больш фармальнасць, бо рашэнне аб закрыцці ўжо было прынята. І вось мадэратар кажа, што можна выказацца і задаць пытанні. Мне 16, я адчуваю крайнюю несправядлівасць і нейкаю пагарду з боку прысутных чыноўнікаў. Таму вырашаю выказаць сваю пазіцыю. Дакладна не ўспомню, але магу прыкладна пераказаць, што казала, як гэты год важны для мяне, іншых вучняў і настаўнікаў. Пад канец майго «перформанса» на вачах былі слёзы. Праходзіць некаторы час, я даведваюся, што з-за майго выступа дырэктара пазбавілі прэміі і вынеслі папярэджванне. Мне было крыўдна і балюча, што з-за маіх шчырых дзеянняў быў пакараны іншы чалавек. Так я пазнаёмілася з тым, як улада выкарыстоўвае «рычагі ціску» і карае ўсіх, каго хоча.
Мае родныя прапанавалі мне пераехаць на адзін вучэбны год у горад і пажыць у іх, каб працягнуць навучанне. Думаю, што гэты пераезд зрабіў адбітак на маю далейшую мадэль паводзін, бо праз пару гадоў я пачала жыць «на чамаданах».
Магу шчыра прызнацца, што на той момант мяне слаба цікавіла палітыка, гэта было недзе далёка. Памятаю, як у падлеткавым узросце, калі пытала дарослых, чаму толькі Лукашэнка прэзідэнт, чаму вы абіраеце менавіта яго, то атрымоўвала адказы: «А каго яшчэ можна абраць?». Але ніхто так і не змог даць аргументаваны адказ, чаму працягваюць за яго галасаваць. Нават падлетку гэта падалося дзіўным, але не было магчымасці спытаць пра гэта ў кагосьці з апазіцыйнымі поглядамі. І тут “здымаю капялюш” перад сістэмай адукацыі. Азіраючыся назад, мне становіцца вельмі страшна, сорамна і сумна. Я не надта задумвалася пра сваё нацыянальнае самавызначэнне, бо прыярытэтам для мяне было паступленне ў ВНУ. Тое як паказвалася беларуская гісторыя ў падручніках на занятках было вельмі фармальным і скажоным. А настаўнікі амаль не выходзілі за матэрыял, які быў прапанаваны падручнікам. Іранічна, што акцэнт у ідэалагічным выхаванні рабіўся на падзеях айчынай вайны. А цяпер ідэалогія нелегітымнай улады транслюе праагрэсарскую пазіцыю.
А як, там, было?
Выбірала спецыяльнасць цалкам асэнсавана, хацела працягнуць вучобу ў магістратуры, аспірантуры. Хацела займацца тым, што падабалася, займацца навуковай дзейнасцю. Па самаму працэсу навучання магу адзначыць, што пры мінімальных укладаннях дзяржавы выкладчыкі выціскалі ўсё, што маглі, для якасці адукацыі. На ўсё жыццё запомніла размову з адным з супрацоўнікаў універсітэту пра тое, што самае галоўнае слова – гэта слова «стаўленне». Да сябе, да іншых людзей, да існавання. Дарэчы, цікава было б даведацца яго меркаванне да падзей 2020 года. Сама адміністрацыя напачатку ставілася адносна дэмакратычна да акцый на факультэце, нават АМАП не выклікалі. На жаль, з-за бяспекі я не магу больш падрабязна распавесці пра сваё навучанне.
Да 2020 года я была амаль цалкам сканцэнтравана на вучобе. І мае дзеянні мала перасякаліся з палітычнай павесткай. Яснае адчуванне, што нешта адбываецца зараз не так, з’явілася на мітынгах супраць інтэграцыі. Гэта падштурхнула пацікавіцца, а што там адбываецца па-за маім уласным светам. З гэтага моманту ў мяне пачалося новае знаёмства з беларускай гісторыяй і культурай. А пасля рэпрэсіі сталі адбывацца на маіх вачах, быццам бы так і трэба. І ўжо было немагчыма сядзець дома, выбіраць свой уласны спакой і дабрабыт, калі ў краіне нормай становіцца гвалт. Думаю, што асноўная прычына майго ўласнага пратэста – пратэст супраць гвалту. Складана казаць пра змены ў грамадстве і змены ў заканадаўстве, калі ў людзей не закрыта базавая неабходнасць у гарантаванай бяспецы.
Мне вельмі шанцавала на мірных акцыях пратэсту. Так на адной з акцый, каля смутна знакамітай станцыі метро, пад час пікетавання мне зрабілі самы лепшы падарунак. Ужо пачынала цямнець, але людзі не разыходзіліся. Я стаю каля дарогі, а на экране тэлефона карцінка з бела-чырвона-белым сцягам – папулярны на тый момант спосаб пікетавання. І раптам да мяне падыходзіць чалавек, які напрост дорыць мне бчб-сцяг. Я была вельмі шчасліва. Гэты сцяг быў пасля са мной на ўсіх астатніх маршах. Дзякуй табе, добры чалавек!
Хачу падзякаваць людзям, якія мяне ўратавалі падчас «хапуна» на адной з акцый, прапанавалі гарбату і потым завезлі ў бяспечнае месца. На самой справе, незнаёмыя людзі мне часта дапамагалі ў тым, каб дабрацца да месца марша ці пакінуць небяспечнае месца. Увогуле, падчас пратэснага перыяду вельмі матывавала падтрымка і еднасць людзей. Было адчуванне агульнай справы. Кожны выходзіў дзеля свабоды кожнага.
Падчас акцый узнікалі розныя пачуцці. Эмацыянальныя арэлі. Рыхтуешся да кожнай акцыі як у апошні раз: зменнае адзенне, аптэчка, гігіенічныя сродкі, дажджавік, завучваеш усе важныя нумары. Я магу напісаць, што мне было страшна падчас маршаў. Але вельмі дапамагала выказванне (на жаль, не ўзгадаю першакрыніцу), сэнс якога ў тым, што трэба прыкінуцца смелым. Хаця б на некалькі хвілін, калі трэба зрабіць тое, чаго баішся. Непаўторны і станоўчы досвед з акцый і маршаў. У маёй галаве зараз стойкая асацыяцыя; беларусы (кі) – неверагодныя. Для мяне ўсё было ў першы раз: і сутыкненне з АМАПам, і затрыманне сяброў, і страх за сваё жыццё.
Важным асабістым крокам было рашэнне далучыцца да незалежнай студэнцкай арганізацыі, бо з’явілася адчуванне, што проста выхадам на вуліцу раблю недастаткова. Гэта было неяк няёмка для мяне – камунікацыя адразу з вялікай колькасцю незнаёмых людзей. Зараз нават самой смешна. Я рада, што прыняла такое рашэнне. Яно было амаль з самых падмуркавых, каб я апынулася ў гэтай кропцы, дзе пазнаёмілася з шэрагам цудоўных, цікавых і адукаваных людзей. Гэтыя людзі так ці інакш паўплывалі на маё жыццё.
Гэтыя тры гады многіх загартавалі, хочацца думаць, што мяне таксама. Я шкадую толькі аб тым, што магла б дзейнічаць больш рашуча, назаву гэта так.
Спачатку ўсе сілы і дзейнасць былі накіраваны на барацьбу з рэжымам, а потым з’явілася яшчэ дадатковая задача – дапамагаць спраўляцца з наступствамі гвалтоўнай улады. Хачу напісаць, што гэта нескладана і тым не менш, вельмі важна падтрымліваць палітвязняў паштоўкамі. Гэта тое, што можна зрабіць і ананімна, і дыстанцыйна. А галоўнае – па сілам амаль кожнаму. Сваю першую паштоўку пісала для сяброўкі, якую затрымалі на содні. Першы раз быў лёгкі момант дысанансу, бо я не думала, што ў 2020 годзе буду пісаць камусьці паштоўку не ў рамках пасткросінгу і тым больш у пенітэнцыярную ўстанову.
Напружаны перыяд наступіў пасля сціхання актыўнай пратэснай хвалі. Акрамя агульнага рэжыма чакання быў актываваны рэжым «пільнасці». Содні сталі змяняцца гадамі зняволення. Ты становішся больш асцярожным чалавекам. Больш уважлівым. Самае крыўднае, што шмат фотаздымкаў прыйшлося выдаліць, каб не было дадатковых нагод для затрымання. Пастаянна пераправяраеш, ці засталося або з’явілася штосьці, што можа быць прычынай для затрымання. Цяпер я магу не адпісваць сябрам, калі бачу, што пад маімі вокнамі стаіць «бусік».
Адным з самых цяжкіх момантаў для мяне стала затрыманне майго калегі, з якім мы ў той момант дзялілі адну кватэру. Гэта было незабыўна – збіраць з ліхтарыкам самыя неабходныя рэчы, шукаць за хвіліны, куды можна пераехаць на першы час. Сітуацыю не ўратоўвала і тое, што мы не ведалі, за што яго затрымалі і да чаго рыхтавацца. Цяжка перадаць пачуцці ў тую ноч. Шмат чым хацелася б падзяліцца… Спадзяюся, што калі-небудзь змагу гэта зрабіць адкрыта і поўнасцю. Але пакуль так…
Жыццё эмігранцкае
Мне вельмі хочацца ставіцца да пераезда ў іншую краіну, як да падарожжа, хоць і не вызначанага. Балюча, калі чую гісторыі людзей, якія таксама былі вымушаны эміграваць раней, у 2010, 2015 гадах. Але я не хачу развіваць думкі і накручваць сябе, што больш ніколі не вярнуся на Радзіму.
Пасля некалькі гадоў пастаяннага жыцця ў напружанні і страху страціць свабоду за сваё меркаванне, пераезд станоўча паўплываў на фізічнае і псіхічнае адчуванне. Быццам бы лязо з шыі прыбралі. Стала прасцей дыхаць. А іншыя людзі ўсё яшчэ вымушаны знаходзіцца ў гэтым пекле. Кожны дзень.
Мае першыя паўгады ў эміграцыі пайшлі на адаптацыю, бо пераязджала ў невядомасць. За ўвесь час, калі я за мяжой сутыкалася з рознымі праблемамі, не было ніводнага выпадку, калі б я звярталася за дапамогай да беларусаў і не атрымала яе. Гэта настолькі ўражвае. Уражвае і тое, наколькі моцная дыяспара, камьюніці беларусаў. Маркотна толькі, што ўсе тыя цудоўныя ініцыятывы, праекты, арганізацыі знаходзяцца ў выгнанні. Колькі ўсяго цікавага і годнага можна было б зрабіць унутры краіны. Асабіста для мяне з’явілася больш магчымасцей для адукацыі, бо як мінімум за мяжой ёсць магчымасць бяспечна ладзіць розныя праграмы, мерапрыемствы. Зараз працягваю займацца актывісцкай дзейнасцю. Прыстасоўваюся да новых умоў.
Адчуваю сябе чужой і нежаданай у эміграцыі. Людзі ўсюды розныя, разумею. Але калі ты сутыкаешся з дыскрымінацыяй і ганеннем, то гэта вельмі моцна выбівае з каляіны. І ўжо ў цябе з’яўляецца прадузятае стаўленне, чаканне таго, што ты сутыкнешся з нецярплівасцю. Думаю, што я ніколі не змагу сказаць, што тут я на сваім месцы. Я заўсёды буду чужой. Часта сніцца радзіма, часта сны звязаны з тым, як нелегальна вяртаюся туды на некалькі дзён, але хутка трэба зноў з’язджаць. Мне сталі падабацца нават кашмары, бо ў іх я магу пабачыць людзей, якія мне дорагі.
Калі ўмясціць у адзін сказ, то за мяжой мне спакойна за сваю фізічную свабоду, але псіхалагічна ўсё яшчэ цяжка як на радзіме.
Я рада, што ў мяне атрымалася знайсці сяброў, ёсць нейкае нават пачуццё «сям’і», якую ты сама абрала. Ёсць падтрымка, клопат адзін аб адным. І ўжо ўсё падаецца не такім дрэнным.
Пачатак храналагічны, канец у традыцыях Бероуза
За пяць апошніх гадоў спроб атрымаць адукацыю і стаць спецыялісткай запалу менш не стала. Мабыць, не памылілася з выбарам. Пры апошняй рэдакцыі эсе я ўжо стала крыху бліжэй да ацыцяўлення планаў. Нават бюракратычнай сістэме ў іншай краіне мяне не ўдалося зламіць.
Увогуле, калі паглыбіцца ў самарэфлексію, то сталі з’яўляцца думкі, кшталту «я не змагу гэта зрабіць», «можа проста адпусцісць сітуацыю...». Гэта і напужала, бо такое ніколі для мяне не было характэрна. Думаю, што гэта адныя з самых уразлівых момантаў, калі ўжо гатовая здацца. Але пакуль я гэта перажыла, а значыць працягваю змагацца!
Мне хацелася б даведацца пра пачуцці і адчуванне тых людзей, якія выконвалі злачынныя загады. Як гэта, асэнсоўваць, што менавіта ты стаў тым самым злодзеям з казак, да якога немагчыма ставіцца з спачуваннем?
Хачу вярнуцца на радзіму. Пакуль у мяне ёсць маладосць і ўсё быццам бы даецца прасцей. Але гэта хутка зменіцца. Не жадаю мірыцца з тым, што за столькі часу беларускае пытанне застаецца актуальным, што 3 гады, што 300 гадоў таму. Як бы гэта не чыталася, але працяг існавання рэжыма Лукашэнкі мне дае стымул для жыцця. Пасля ўсяго болю, праз які прайшлі столькі людзей ты не можаш сабе дазволіць не пабачыць яго звяржэння. Спадзяюся, што гэта адбудзецца не з-за фізіялагічнага працэсу, а дзякуючы дзейнасці беларусаў, якія нязгодны з гвалтоўным рэжымам. Спадзяюся, што ўсё менш людзей будуць казаць, што знаходзяцца па-за палітыкай і гэта іх не датычыцца, будзе большая асабістая і грамадская свядомасць, а гвалт немагчыма будзе ігнараваць.
Калі пісаць пра абстрактную будучыню, то хочацца ўбачыць Беларусь свабоднай и незалежнай і ад унутранага прыгнёту, і ад ціску звонку. Убачыць шлях, працэс самавызначэння і развіцця. Прыкласці асабістыя намаганні для вызвалення Радзімы і прыняць удзел у яе развіцці. Шмат гучных пафасных слоў. Ці стрымаю іх? Ці здзяйсняцца яны?
Адказ вазьму ў часе.