ТРЫ ГАДЫ Я ТУШУ ПАЖАРЫ

Аляксандр Паршанкоў ([email protected])

Прага 06.2023

Азірацца назад незаўсёды лёгка, але неабходна. Наперадзе мяне чакае змрочная гадавіна – тры гады з моманту, калі мае жыццё змянілася поўнасцю і беззваротна. Я – гісторык і мой удзел у любых падзеях ніколі не адбываецца без першаснага аналіза з гістарычнага боку. Ужо чатыры гады я вяду дзённік, куды запісваю не толькі падзеі свайго жыцця, але і тое, што адбываецца ў нашым грамадстве. На падставе дзённікаў, якія я найбольш актыўна і паслядоўна вёў у 2020–2021 гадах я заўсёды магу аднавіць увесь ход падзеяў і разабрацца для сябе – а чаму? Чаму увесь гэты час я тушу пажары: дапамагаю людзям знайсці месца на свеце, падтрымліваю з апошніх сілаў, шукаю грошы, кожны месяц даведваюся, што асудзілі ці затрымалі  кагосьці з маіх шматлікіх сяброў, кожны тыдзень з жахам бачу, як павялічваецца лічба палітвязняў? Чаму мне даводзіцца жыць як на гарачай патэльні ў вымушанай эміграцыі? Не толькі мне, канечне. Чаму, чаму, чаму?

Прычыны падзеяў, сведкам і ўдзельнікам якіх я стаў, сягаюць у глыбіню вякоў. Я не з тых, хто адмаўляе мінуламу ў яго праве ўплываць на нас сёняшніх. Я не з тых, хто лічыць, што ўсё залежыць толькі ад іх і толькі імі можа быць зменена. Але я і не магу назваць сябе і нашае грамадства закладнікамі сітуацыі.

Перад маімі вачыма вечар 9 жніўня 2020 года ў Гомелі – пратэставаў я, студэнт на вакацыях, канечне ж, у родным кутку. Не вельмі шырокая цэнтральная вуліца Савецкая, запоўненая людзьмі, якія ідуць кудысьці наперад па тратуарах. І крык “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”… Я памятаю, як у адзін са жнівеньскіх дзён залунаў над галоўнай плошчай Гомеля бела-чырвона-белы сцяг. Неверагодныя эмоцыі. На дзень мне падалося, што мы перамаглі, што я жыву ў будучыні. Больш шчасця адчуваў я толькі 1 верасня, калі давялося быць адным з арганізатараў калоны гістфака на агульным шэсці студэнтаў па Менску. Нас разганялі, затрымлівалі, але мы былі здольныя сабрацца і прайсці па нашым горадзе, у НАШ дзень.

У першы тыдзень пратэстаў з вялікім спазненнем пасля таго, як гэтая думка прыйшла мне ў галаву, у свой дзённік я запісаў: “Мы – народ… Першы страх і першая перамога над страхам… Тры першыя дні былі страшнымі. Гэты страх выдаўліваўся па кроплі. Усе – свае і ўсе – на пратэстах. Мы валілі натоўпам… Спачатку мы беглі проста ад гуку. Хтосьці крыкнуў: “АМАП!” І мы ўсе адбеглі… Мы не ведалі, навошта мы выходзілі, мы не разумелі, як гэта…”. Калі я быў у Гомелі, для сябе ставіў задачу любым коштам адцягваць сілы ад Менску. Не даць магчымасці задушыць сталіцу, бо тое, што мы выходзілі кожны дзень, не дазваляла перакінуць усе сілы міліцыі на Менск.

І размовы, размовы, размовы з усімі аб усім. Як прыемна было чуць ад тых, каго я лічыў элітай грамадства, нязгоду з лукашэнкаўскай дыктатурай. Усе ў адзін голас сцвярджалі, што надыйшлі новыя часы. Людзі такога высокага культурнага ўзроўня, да якога дасягнуць вельмі цяжка. Ветэраны руху сцвярджалі: нешта павінна адбыцца! Нешта, што кардынальна зменіць сітуацыю. Дадаткова да пратэстнага жніўня. Дадаткова да нашай рэвалюцыі. Памятаю, факт рэвалюцыі прызнаў нават былы мінстр адукацыі, светлай памяці Пётр Брыгадзін, які тады чытаў нам лекцыі па гісторыі Беларусі. Час праходзіў, сябры апынуліся за кратамі, а гэта загадкавае “нешта” не з’яўлялася на сцэне.

Мітынгі змяніліся перадачамі і лістамі ў турму. Вось ужо сяброў пачалі судзіць. Нанізваліся адна за адной даты маіх ўласных затрыманняў – 18.10.2020, 02.03.2021, 05.03.2021… Разуменне, што месца для манеўра няма. Адзін крок і ты сам будзеш “баланду хлебать”, – як казалі мне “афіцэры” ў ГУБАЗіку…

Было страшна? Было вельмі страшна. Апошнія месяцы на радзіме, калі я пераязджаў з кватэры на кватэру, чакаючы станоўчага адказу чэшскай амбасады, мне пачалі сніцца кашмары. Але звычайна было страшна не за сябе. Памятаю, як у турэмнай чарзе на перадачу, я пабачыў маці сябра. Яна старанна рыхтавала прадукты на перадачу. У гэты момант сэрца спынілася. “Гэта мая маці” – падумаў я. Тое самае можа быць з маёй маці! У гэты момант праз маю душу прайшла чырвоная рыса. З’явілася пачуццё паразы і канца. Не тое, што на гістарычным факультэце мяне пачалі называць гэбістам, не тое, што тры разы затрымалі і пужалі пакараннем. Не праслушка ці цкаванне з боку адміністрацыі універсітэта. А вось гэтая маленькая жанчына ў пакоі для перадач у турму. 

Ці было цяжка? Было. Пастаянныя змаганні і арышты. Ціск з боку адміністрацыі. Пагрозы. Чорная (заказная) рэцэнзія на магістарскую працу. Ледзь абараніўся. А я да таго і кіраўнік незалежнага прафсаюза студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Самаабвешчаны лідар, якім я ніколі не хацеў быць. Узяўшы адказнасць, бо ніхто не хацеў яе браць. Не гатовы да тых падзеяў чалавек. Студэнт без вопыта і падрыхтоўкі. І такіх нас было… Легіён.

Але мне ніколі не было так добра, як тады. У бясконцым змаганні кожны дзень. Тады было разуменне, што кожны дзень, пражыты на волі ў змаганні, – на карысць. Толькі тое, што ты жывеш у Беларусі і думаеш свабодна – было добрым вынікам, дастатковым вынікам. А калі атрымоўвалася абараніць студэнта, сабраць перадачу, наклеіць стыкеры з бел-чырвона-белым сцягам, даслаць ліст у турму… Ну, шчасце!

 “Я не понимаю этих ваших цепей солидарности. Мне что Лукашенко, что Тихановская – всё равно! Буду работать” – казаў нам, затрыманым, у Фрунзенскім РАУСу “мент”. А мы добра разумелі, за што мы выходзім і супраць чаго. Мы, студэнты, грамадой і паасобку. За тое, каб вольна можна было збірацца і казаць уголас праўду (у нас ёсць голас!). Супраць таго, каб ва ўніверсітэце панавалі саўковыя традыцыі і падыходы. Хацелася свабоды, як кожны яе разумеў. Ілюзія! Утопія! Але ж мы не мелі канкрэтнага плана, бо такім неверагодным здавалася магчымасць атрымаць волю.  

Раніцай 2 сакавіка 2021 года мяне вывозілі з інтэрната ў ГУБАЗіК. Паўдзюжыны чалавек уваліліся ў пакой і патрабавалі сабраць рэчы і паехаць з імі. Да такога я не здолеў падрыхтавацца, але ўзяў сябе ў рукі. “Вы  с нами общаетесь, как будто мы грязь под ногтями” – казалі мне у сумна вядомым доме па вуліцы Рэвалюцыйнай. Але ж перажыў і гэта, пераадолеў свай страх і слабасць.

Студэнтаў баяліся. Да нас прыязджала Качанава, якая спрабавала дамовіцца з галоўным універсітэтам краіны. Нас выклікалі ў генеральную пракуратуру. КДБ сачыў за кожным крокам. Дарэчы, у ГУБАЗіКУ з мяне хацелі зрабіць інфарматара, напэўна таму не затрымалі і не кінулі на содні на хлорку і ваду, як майго суседа-сябра.

Студэнцкія пратэсты ва ўсіх краінах паказваюць грамадству, куды рухацца. Яны абуджаюць, запальваюць народ, які ўжо немагчыма спыніць. Выкладчыкі гістфака, якія сядзелі “ў кустах” падчас пратэстаў, казалі нам: “Мы пойдзем за вамі. Ідзіце, мы вас падтрымаем”. Але падтрымалі адзінкі. Студэнцкі пратэст быў моцным, што б зараз некаторым з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не хацелася паказаць. Мы рабілі мітынгі не толькі на факультэтах, а наўпрост пад Акрэсціна! Былі спробы нават ставіць намёты. Але ўсё гэта згасла, сышло ў падполле, з якога дагэтуль не выйшла.

Пішу гэтыя радкі і перагортваю старонкі сваіх дзеннікаў. Пяць сшыткаў падарожжаў у свае мінулае, пяць сшыткаў падарожжаў у мінулае сваёй Радзімы. І ці разумею я, чаму?

Сон розума нараджае пачвараў. Сон нацыі дазваляе рабіць з зерня гэтай нацыі муку любога памолу. Я чытаю зараз успаміны нашага набеліста Алеся Бяляцкага, з асалодай глытаю найкаштоўнейшыя фрагменты яго памяці. Даведваюся аб тым, як групкі беларусаў гуртаваліся вакол свайго: беларускай мовы, культуры, гісторыі. Як дзесяць гадоў пэўнай адлігі сфармавалі пакаленне, якое гатовае было ўзяць незалежнасць. Але як узялі, так і аддалі. Грамадства цалкам (не кажу пра асобных, выбітных, разумных) было негатовае працягваць змаганне. Шмат хто сыходзіў з актывізма ў  бізнэс, у выкладанне, у спакойнае звычайнае жыццё. А трэба было змагацца!

Чаму апаненты нас называюць змагарамі? Менавіта таму, што баяцца змагання як з’явы. Змагарства – гэта ідэя. Той, хто гатовы змагацца заўсёды абароніць сябе і дапаможа тым, хто побач. Але нас на гэта не хапіла. Людзі стамляюцца. Яны хочуць абаперціся, як на кій, на сяброў, палітыкаў, лідараў, адчуць побач родныя душы. А побач страх, нядоля, цяжкая праца, выгнанне, турма… Усё гэта не з’явілася пазаўчора і не знікне паслязаўтра. Мы – частка працэса, які ніяк не можа скончыцца. Мы – народ, які хоча стаць нацыяй. Але побач стаіць вораг такой моцы, што ад разумення гэтай моцы можна ашалець.

Тым не менш, калі я аналізую прычыны нашай сітуацыі, прычыны пратэстнай актыўнасці, думаю пра будучыню, разумею, што застаюся аптымістам. Не таму, што пасля цёмнай ночы надыходзіць раніца – гэта банальнасць ужо не задавальняе таго, хто бачыць чаканне даўжынёй амаль у тры дзесяцігоддзі. Я застаюся аптымістам, таму што ведаю: вечнае будзе вечным заўсёды. А што будзе важным праз 30 гадоў? Для беларусаў, для Беларусі. Рабі гэта ўжо зараз, рабі як можаш і ты выратуешся. Так я і жыву тут у Празе, у вельмі цяжкіх псіхалагічна ўмовах эміграцыі. Будучага папу рымскага Паўла VI аднойчы запыталі, што ён будзе рабіць, калі рускія ўвойдуць у Рым? А ён адказваў: “Я буду служыць імшу, як раблю гэта кожны дзень”. І гэта зусім не аб пакорлівасці!

Дык усё ж, чаму? Чаму ўсё так, як ёсць? На гэтае пытанне я адказваю так. Рака, якая выйшла з берагоў, можа вярнуцца назад, але чалавек, які скінуў з сябе ярмо рабства, ўжо амаль ніколі не захоча быць рабом. Тыя, хто абудзіўся, будуць мяняць сваю пазіцыю, гэта нармальна. Некаторыя нават пашкадуюць, што “ўляпаліся” ў гэта, але гэта не мяняе галоўнага. Вярнуцца не атрымаецца. Мы расплочваемся, хто за свае маўчанне, а хто за маўчанне сваіх сваякоў. Пакуль Лукашэнка прыходзіў да ўлады, хто будаваў лецішчы, хто зарабляў на хлеб, каб пратрымаць сям’ю, хто наладжваў свае жыццё? Простыя беларусы. Амаль усё грамадства паверыла і падтрымала чалавека, які не павінен быў заняць тую пасаду, якую заняў. Паверылі, што змаганне можна спыніць, што ўсё будзе добра. Няма прарокаў у той момант, калі іх гатовыя слухаць. Дэпутаты незалежнасці не былі абароненыя і падтрыманыя. Пасля сістэма жорстка пакарала ўсіх – і тых, хто змагаўся, і тых, хто проста праходзіў міма. Дубінкі АМАПа не шкадуюць нікога. І не пашкадуюць.

Я ўзгадваю і сваё жыццё да ўсяго. Лаўрэат стыпендыі прэзідэнта, выдатнік, дыплом з адзнакай, два зборнікі вершаў, сустрэчы з чытачамі, пастаўленыя спектаклі, дошка гонару ўніверсітэта. Фальшывая каштоўнасці, якія я асабліва не шанаваў ніколі. Усё гэта засталося ў мінулым. Усё гэта засталося за бортам. А на важным месцы сваякі, з якімі амаль і не сустрэнешся цяпер, сябры (ва ўзросце ўжо), якія не могуць з’ехаць з Беларусі, якіх я не магу пабачыць, якія сыйдуць у іншы свет да таго, як я вярнуся ў Менск. Мая бабуля, якая так чакае, так просіць, каб я прыехаў і не можа зразумець, чаму я не вяртаюся. Усё мае свой кошт, а чалавек, які разумее кошты, становіцца больш адказным, больш шчырым і больш сумленным. 2020 год падарыў мне магчымасці развіваць мае найлепшыя якасці. І гэта перакрывае ўсю горыч таго, праз што давялося прайсці, што знікла ў віхурах і што яшчэ знікне. Чалавек павінен імкнуцца быць чалавекам.

Колькі нашых людзей зараз у Еўропе асэнсоўваюць і пераасэнсоўваюць сябе? Мы атрымалі магчымасць прымусова пазнаёміцца з культурамі іншых народаў, вывучыць мовы і атрымаць багаж ведаў, аб якім можна было толькі марыць. Але гэта і выпрабаванне для нас, ці здолеем мы застацца тымі, хто мы ёсць? Ці будзем мы беларусамі? Калі так, то што гэта для нас значыць? Я заўседы смяюся, калі чую пра праект Лукашука “Беларуская нацыянальная ідэя”. Але з іншага боку, пошукі папараць-кветкі, часам, адсоўваюць ад сумных думак і дазваляюць больш свабодна марыць. Можа, сапраўды, у XXI стагоддзі трэба задаваць пытанне, на якое адказвалі ў XIX стагоддзі, і гэта не толькі спроба самапіяра?

Я перачытваю свае дзеннікі, ліставанне з сябрамі з-за кратаў і знаходжу ў гэтым сілу да жыцця, маральную падтрымку. Яны – там, а я “по ту сторону решетки, которую почему-то называют свободой” (А. Фядута). Мой сябар Аляксандр Фядута асуджаны на дзесяць гадоў калоніі і цяпер знаходзіцца ля Магілёва. Я атрымаў ад яго каля 50 лістоў. У лісце, датаваным 3 кастрычніка 2021 года, ён напісаў такія словы: “Мне, кстати, как Вы догадываетесь, тоже грустно. С той разницей, что мне вот-вот исполнится 57 лет, что отмечать их я буду вполне по-«американски». А в остальном моя жизнь прошла ещё быстрее. И хотя что-то я сделать успел (по крайней мере, в науке), изменить мир мне к лучшему так и не удалось. Это предстоит уже Вашему поколению, Александр Андреевич”. Жыць трэба, трэба жыць, як пісаў класік. Жыву ў тым ліку, і за тых, хто ў няволі, каб сапраўды змяніць свет. Можа, атрымаецца?

Тры гады я тушу пажары, тры гады майго жыцця падпарадкаваныя рытмам майго народа, маёй краіны. Я побач у думках і тэлефонных гутарках з роднымі палітвязняў, якіх катуюць і фактычна забіваць у турмах і калоніях, побач з тымі, хто вучыцца ва ўмовах моцнага ціску ў Беларусі, побач з тымі, хто шукае магчымасці выжыць тады, калі гэта амаль немагчыма... Я спрабую спрычыніцца да пабудовы новай сістэмы, новай Беларусі, якая магла б паспрачацца са старой за месца пад сонцам. Толькі ў гэтым я бачу выратаванне. Спрэчкі будуць заўсёды, а вось ці захаваецца нашая краіна – гэта залежыць толькі ад нас, якія сёння па ўсім свеце ўголас кажуць: “Жыве Беларусь”. І я веру, што Беларусь застанецца!