У НАС БЫЛА ТОЛЬКІ НАДЗЕЯ

Міхась А. ([email protected])

Город N 01.2024

Выбар шляху жыцця

 

Я – гісторык, таму добра ведаю, што пакаленні беларусаў на працягу стагодзяў, у тым ліку мінулага, нарадзіліся і жылі  ў больш цяжкіх умовах. Маладосць і само жыццё маіх суайчыннікаў спынялі войны, рэвалюцыйны тэррор, гвалтоўная калектывізацыя і масавыя палітычныя рэпрэсіі 1930-х гг.

Я нарадзіўся ў Мінску ў спакойны, мірны час. Дзяцінства ў беларускай сталіцы ў 2000-я гг. было шчаслівым. Палітыка мяне яшчэ не хвалявала. Я ведаў толькі, што Лукашэнка – прэзідэнт, і што дзяржаўны сцяг – чырвона-зялёны. Але не ведаў, што такое бел-чырвона-белы сцяг. Не ведаў, як адносны дабрабыт беларусаў звязаны з коштам на расійскую нафту. Грошаў у сям’і хапала, каб кожнае лета адпачываць ва ўкраінскім Крыме ці ездзіць у Кіеў. Што магло быць не так?

Усведамленне пачало прыходзіць пасля Плошчы 2010 г. Напэўна, тады я ўжо дасягнуў таго ўзроста, каб зразумець, чаму ў беларусаў бел-чырвона-белыя сцягі і чаму да іх так негатыўна адносіцца ўлада. Паслухаў рэвалюцыйныя песні Сяргея Міхалка. Даведаўся, што ў 1999 г., калі мне быў усяго 1 год, у Беларусі зніклі апазіцыйныя палітыкі.

Але ўсё ж такі жыццё у Беларусі 2010-х гг. нельга параўнаць з тым, што пачалося пасля 2020 г. У старэйшых класах школы я насіў бел-чырвона-белую стужку, і не мог уявіць, што потым нават белыя з чырвоным шкарпэткі стануць падставай для крымінальных справаў. Бачыў, як анэксавалі Крым, але я б не паверыў, што з маёй краіны будуць бамбіць мой любімы Кіеў.

Я не збіраўся нікуды з'язджаць з Беларусі, і будаваў планы на жыццё на Радзіме. Спачатку, як многія дзеці, я захапляўся авіацыяй, удзельнічаў у алімпіядзе па матэматыцы, перайшоў у фізіка-матэматычную гімназію. Але менавіта пад час вучобы я зразумеў, што гісторыя – гэта маё. Даволі хутка ў планах узнік гістарычны факультэт БДУ. Я нават не разглядаў іншыя варыянты, акрамя аднаго – у той час я глядзеў расійскую інтэлектуальную тэлегульню «Умники и умницы», таму трохі захапіўся ідэяй паступіць у МДІМА. Але ўсё ж такі вырашыў застацца ў Мінску і паступаць на гістфак. Маё жаданне ўмацавала тое, што ў адзінаццатым класе я атрымаў дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі, і мог паступаць на гістфак без іспытаў. Менавіта гэта летам 2015 г. я і зрабіў.

 

Alma mater. Станаўленне як беларуса

 

Калі да мяне ў галаву прыходзіла думка – ці правільны выбар ВНУ я зрабіў? Адказ заўсёды быў адзін – так. Вучыцца было цікава. Гістфак спраўдзіў маі чаканні на конт вышэйшай адукацыі. Ужо мала было атрымліваць веды, трэба было іх інтэрпрэтаваць, будаваць прычынна-выніковыя сувязі. Сапраўдная навука падавалася складанай, але вартай таго, каб прысвяціць ёй жыццё. БДУ ведаў сваю справу ў навуцы. Адчуў гонар за alma mater, калі БДУ абыйшоў у сусветным рэйтынгу QS той самы МДІМА.

Але мабыць галоўнае, што дае студэнту вышэйшая адукацыя, асабліва гуманітарная – крытычнае мысленне. Тое, чаго не хапае ў беларускіх школах. Тое, што намагаюцца змяніць так і несфармуляванай дакладна «дзяржаўнай ідэалогіяй». Я лічу, што мне вельмі пашанцавала вучыцца на гістфаку да пачатку рэпрэсій 2020-х гг. З гонарам і задавальненнем я казаў, што вучуся на самым апазіцыйным факультэце. Гістфак насамрэч быў адным з такіх факультэтаў. Не толькі таму, што студэнты хадзілі на пары ў цішотках з «Пагоняй». Больш таму, што выкладчыкі сапраўды прывівалі крытычнае мысленне. Насуперак афіцыйнаму наратыву – крытычнае да аднабакова пазітыўнай трактоўцы імперскага і савецкага перыяду. Крытычнае да любой прапаганды. Атрымалася нават так, што гістфак за гады вучобы зрабіў з першакурснікаў імперскіх поглядаў удзельнікаў пратэстаў 2020 г. За што таксама яму удзячны.

Калі вяртацца да маей вучобы, яе мэту яшчэ да паступлення на гістфак я бачыў у тым, каб стаць універсітэцкім выкладчыкам. Гэты шлях ішоў да магістратуры і аспірантуры. Але спачатку ўзнікла пытанне размеркавання – яшчэ адной недарэчнай для сучаснай Еўропы рысы постсавецкай Беларусі. Для мінчаніна яно яшчэ не было надта складаным – цябе хутчэй прымуць на працу і дадуць размеркаванне, калі табе не трэба выдзяляць жыллё за кошт арганізацыі. Менавіта гэтак я ўладкаваўся на працу ў мінскую школу, дзе паміж мной і маім іншагароднім аднакурснікам адразу абралі мяне. І менавіта пад час працы ў школе я сустрэў пратэстны жнівень 2020 г.

 

Чаму мы выйшлі

 

Праца настаўнікам ў дзяржаўнай школе, вучоба ў дзяржаўным універсітэце – ці накладала гэта пэўныя абмежаванні на маю грамадзянскую актыўнасць? Для мяне ў 2020 г. – ужо не. Можна страціць кар’еру, але нельга страціць шанец на жыццё ў свабоднай краіне. Шанец, які здаваўся рэальным, а свабода – такой блізкай. Таму, калі раней я не вырашаўся выходзіць на пратэсты, то ў 2020 г. я далучыўся да сотняў тысячаў беларусаў.

Якую мэту я ставіў, калі выходзіў? Я думаю, тут мае думкі не будуць адрознівацца ад намеру беларусаў, які яны агалошвалі пад час пратэстаў – адстаўка дыктатара, новыя выбары, вызваленне палітвязняў. Гэта былі базавыя рэчы, без якіх сацыяльна-эканамічны і палітычны крызіс, у якім апынулася краіна, пагражаў толькі пагоршыцца. Таксама, як студэнт гістфаку, як чалавек, які добра ведае мінулыя падзеі, я адчуваў асаблівую адказнасць за будучыню Радзімы. Беларусь надта доўгі перыяд сваёй гісторыі жыла пры дыктатуры, з нас хапіла.

Ужо вясной 2020 г. адчуваліся перамены. Неэфектыўная, амаль адсутная барацьба з каранавірусам з боку Лукашэнкі раззлавала беларусаў. Улада старанна рабіла толькі тое, што добра ўмела – фальсіфікацыі статыстыкі. Мы не ведалі рэальную колькасць захварэўшых і памерлых, але памер катастрофы было не схаваць. Я бачыў, як працягваюць заняткі ў школьных класах, дзе некалькі дзяцей ужо захварэлі. Ужо потым ад гэтай хваробы памер мой калега па школе. Нават супрацоўнікі школы, даўнія ўдзельнікі сістэмы ідэалагічнага выхавання, скардзіліся паміж сабой на прэзідэнта. Штосьці змянялася ў беларусах.

Не меньш важна тут і тое, што з’явіліся людзі, якія адказвалі на запыт людзей на перамены. На змену традыцыйным лідэрам апазіцыі прыйшлі новыя людзі, незалежныя ад партыйных спрэчак. Высокая ідэя нацыянальнага адраджэння не магла адклікацца ў большасці насельніцтва, калі яшчэ не было ніяк вырашана пытанне якасці жыцця. Менавіта гэтак Лукашэнка выіграў выбары 1994 г. У 2020 г. усё было наадварот. Гэта Лукашэнка ўжо відавочна не мог забяспечыць якасць жыцця беларусаў, і не прапаноўваў народу нічога, акрамя ідэі «стабільнасці». Стабільнасці, якой не магло быць, калі пачаўся крызіс. А Віктар Бабарыка, Валеры Цапкала і Сяргей Ціханоўскі чулі людзей і давалі ім надзею.

Нарэшце, беларусы пачалі адчуваць сябе грамадзянскай супольнасцю. Гэта праявілася яшчэ ў чэрвені 2020 г., калі з-за аварыі палова Мінска засталася без вады, а другая палова дапамагала сваімі сіламі, ва ўмовах бездапаможнасці ўладаў. Мы ўбачылі, як 30 ліпеня дзясяткі тысячаў мінчанаў сабраліся на, верагодна, найбуйнейшы на той момант мітынг падтрымкі дэмакратычных сілаў. Шостага жніўня мітынг паўтарыўся ўжо без дазволу ўладаў. Беларусам не патрэбны быў дазвол, каб праяўляць салідарнасць.

 

Чорныя дні жніўня

 

Падзеі 9–10 жніўня раззлавалі нас яшчэ больш. Праз амаль непрацуючы інтэрнэт прабіваліся звесткі аб тым, як у Святланы Ціханоўскай скралі перамогу, як сілавікі катуюць людзей, якія выйшлі гэтую перамогу абараніць. Дзевятага жніўня 2020 г. з раніцы я быў на выбарчым участку у школе, дзе працаваў. Маім абавязкам было накіроўваць людзей да месца галасавання. Удзельнічаць у працы камісіі я прынцыпова адмовіўся, каб не прымаць удзел у фальсіфікацыях, супраць якіх я нічога не змог бы зрабіць. Што цікава, на ўчастак дапусцілі падлічваць яўку незалежных назіральнікаў з «Голасу». Іх спрабаваў выгнаць праўладна настроены настаўнік хіміі, але ў мяне атрымалася іх абараніць са спасылкай на дазвол дырэктара. Вынікі іх працы сапраўды былі цікавымі: агульная яўка склала больш за 100%! Гэта даказвала фальсіфікацыю яўкі на датэрміновым галасаванні, дзе за ёй ніхто не назіраў. Увечары я пабачыў, што і мае калегі не прымаюць удзел у «падлічэнні» галасоў, замест іх гэта рабілі іншыя людзі. Першым вострым уражаннем было тое, што афіцэр міліцыі не пусціў незалежных назіральнікаў на падлічэнне, пагражаючы пісталетам. Цытата: «У меня в «Макарове» 8 патронов, на вас всех хватит». Потым настаўнікаў прымусілі пакінуць будынак, а на незалежных назіральнікаў, як я потым даведаўся, выклікалі АМАП.

На маіх вачах разагналі мітынг 9 жніўня, таму 10 жніўня я не вырашыўся ісці ў першыя шэрагі барыкадаў. Мы былі на пэўнай адлегласці ад месца, дзе ў той дзень сілавікі забілі Аляксандра Тарайкоўскага. Хацелася застацца на свабодзе і выйсці пазней разам з ўсім горадам, бо ведаў, што такая магчымасць хутка будзе. У той час я, як і многія, верыў у мірны пратэст. Шчыра спадзяваўся  прыняць у ім удзел. Канешне, было і проста страшна. Пад час рэпрэсій табе можа проста не пашанцаваць. Так не пашанцавала майму сябру, які 9 жніўня проста выйшаў паглядзець вынікі на выбарчы ўчастак. Затрыманне, пабоі, камера, дзе не было месца нават сесці, і пратакол пад капірку аб затрыманні на мітынгу на праспекце Пераможцаў.

Але больш за ўсё мы спадзяваліся на забастоўкі: рабочыя буйных заводаў – тыя, без каго спыніцца эканоміка краіны. І мы ведалі, што такі настрой у рабочых ёсць. Таму мы вырашылі расклеіць улёткі з заклікамі да забастоўкі. Тады для мяне адбыўся самы небяспечны момант: нас заўважыў мужчына, які трымаў у руках тэлефон, і магчыма здымаў нас на відэа. Але нам пашчасціла: атрымалася пераканаць незнаёмца у тым, што мы расклеіваем улёткі з вакансіямі.

Пагроза забастовак спрацавала, Лукашэнка адпусціў затрыманых на мітынгах 9–10 жніўня. Мы былі вельмі ўдзячны рабочым, выходзілі на мітынгі ў іх падтрымку да заводаў. Але што маглі зрабіць мітынгі падтрымкі, калі рабочым пагражала як мінімум звальненне, а ім трэба было гадаваць дзяцей? І калі забастоўкі спыніліся, надзеі стала меньш. Нельга сказаць, што мы перасталі спадзявацца. Інакш не выходзілі б на вуліцы Мінска яшчэ некалькі месяцаў па нядзелях сотні тысяч чалавек. Але, я мяркую, што спыненне забастовак ужо стала вырашальным.

 

Колькі жыве надзея

 

Я верыў да апошняга. Я выходзіў амаль кожны дзень, пакуль не быў затрыманы на плошчы Незалежнасці 27 жніўня. Гэта адбылося на наступны дзень пасля разгону мітынгу на плошчы, калі сілавікі зачынілі людзей у Чырвоным касцёле. Людзі ў зачыненай царкве выклікалі жудасныя асацыяцыі з беларускай гісторыі, таму для мяне, калі я даведаўся аб гэтым злачынстве: пытанне ісці ці не ісці не стаяла. Падчас майго затрымання мне зноў пашанцавала – у той дзень пратэстуючых не білі,  ў асноўным нават не прысуджалі арышт. Маім прысудам быў толькі максімальны на той момант штраф у 30 базавых велічынь (810 BYN).

Наогул, калі мяне затрымалі, у мяне было шмат думак, аб тым, што будзе далей. Хвалявала, што будзе з працай, з вучобай. На допыце я паведаміў пра месца працы, таму што пытанне было менавіта аб ім. Пра вучобу не казаў, але потым ва ўніверсітэце ўсё роўна дазналіся. Праблем з вучобай з гэтай прычыны не здарылася, нават у лаяльнай уладам дзяржаўнай установе яшчэ мела вагу карпаратыўная салідарнасць.  Напэўна, я мог страціць працу, але ў школу не паведамілі. Была ноч, а потым, верагодна, забыліся.

Далей я толькі назіраў, як людзі працягваюць выходзіць на праспекты па нядзелях, як разагналі студэнцкі марш 1 верасня. Магчыма, калі б мяне не затрымалі 27 жніўня, я б выйшаў разам з аднакурснікамі 1 верасня. Пратэстны жнівень так натхніў мяне, што я доўга не мог канчаткова страціць надзею на хуткую перамогу. Не ў 2020, так у 2021 годзе. Натхнялі людзі. “Протест заглохнет, когда диктатор сдохнет” – такі быў заклік упэўненасці беларусаў. Было неверагодна, што пасля месяцаў жорсткіх разгонаў, беларусы працягвалі выходзіць.

Я наўрад ці змагу прыгадаць, калі менавіта да мяне прыйшло ўсведамленне, што гэта –  канец: у нас ужо дакладна не атрымаецца перамагчы. Былі пэўныя чаканні ад канкрэтных падзей: выступленні супраць інаугурацыі Лукашэнкі, ультыматум Ціханоўскай, Дзень волі 2021 года. Хаця ўжо разумеў, што разлічваць на гэта не варта. Ужо думаў, аб тым як жыць далей у постпратэстнай Беларусі. З’язджаць пакуль не хацелася. Жаданне не пакідаць Радзіму, не гледзячы ні на што, заставалася. Акрамя таго, у Мінску я добра зарабляў у школе, вучыўся ў магістратуры, былі далейшыя планы. Магчымасць з’ехаць я разглядаў толькі на выпадак пагрозы анэксіі Беларусі Расіяй, якая пасля 2020 абвастрылася, ці калі б я з-за сваей палітычнай біяграфіі застаўся без працы.

 

Жыццё пасля рэвалюцыі

 

Ужо потым я зразумеў, што ў жыцці ў Беларусі пасля 2020 г. існавалі не толькі гэтыя пагрозы. Рэвалюцыя скончылася, пачаліся рэпрэсіі – я разумеў гэта. Але сапраўды змог зразумець толькі калі ў верасні 2021 г. людзей пачалі масава арыштовываць па фотаздымках з пратэстаў. І пагражалі ім ўжо не штрафы, і нават не суткі, а рэальныя тэрміны зняволення па крымінальным артыкулам. Тады я пачаў думаць аб пераездзе, але мае планы патрабавалі доўгай рэалізацыі, таму я заставаўся ў Мінску. Я бачыў, што пік затрыманняў прайшоў, і меркаваў, што у мяне яшчэ ёсць час падрыхтавацца да пераезду. У 2022 г. я вырашыў паступаць у аспірантуру, і наогул адклаў планы па эміграцыі.

Нечакана ўсё змянілася. У красавіку 2022 года затрымалі маю сястру. Такі трагічны лёс беларуса: яна толькі аднойчы выходзіла на мітынг. Аднаго фота хапіла для крымінальнай справы! Я адразу зразумеў, што я – наступны. На мае фота выйсці пасля обшуку тэлефона сястры не складала цяжкасці. Іншага выбару не было, і я набыў білет у адзін канец. Так я пакінуў Радзіму, з якой усё жыццё абяцаў не развітвацца.

Новае жыццё было часам цікавым, незвычайным, захапляльным. Былі складанасці з мовай, з працай, з адаптацыяй. Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну стаўленне да беларусаў у свеце пагоршылася. Нас пачалі ўспрымаць як удзельнікаў агрэсіі, не праводзячы розніцу паміж намі і расіянамі, забыліся пра нашыя пратэсты. Беларусы за мяжой дапамагаюць адзін аднаму. Я спадзяюся, што сусветная супольнасць яшчэ зверне ўвагу на народ, які прагне свабоды.

 

PS

 

Прайшло 3 гады з пратэстнага жніўня, і год з таго часу, як я быў вымушаны пакінуць Беларусь. Я часта думаў, ці правільна мы ўсё тады рабілі. Непрыемна адчуваць, што пасля пратэстаў адносна мяккі аўтарытарны рэжым перыяду лібералізацыі 2015–2019 гг. змяніўся амаль чэкісцкім тэррорам. Але гэта не мы фальсіфікавалі выбары. Не мы заплюшчылі вочы на тое, як пандэмія касіла беларусаў. Не мы арыштавалі народных лідэраў. Усе гэта зрабіў адзін чалавек. Не змагацца з ім было б, як не змагацца з Гітлерам напярэдадні Другой сусветнай вайны. Мы не хацелі «уміратварэння агрэсара», мы хацелі спыніць агрэсію супраць нашага народа. Бо іншага выбара у сумленнага чалавека быць не магло. Беларусы стагоддзямі гінулі ў войнах з захопнікамі. Мы павінны былі толькі выйсці на вуліцу і паспрабаваць змагацца, калі з’явілася надзея, што нашы спробы прынясуць вынік. Мы працягвалі змагацца нават тады, калі надзеі ўжо не было. Наша мара не спраўдзілася, але я лічу беларусы даказалі, што вартыя сваёй мары. Менавіта 2020 г., на маю думку, высвяціў, што ў Беларусі ёсць надзея. Калісьці яна абавязкова спраўдзіцца!